Праз дзесяць дзён пасля выкрадання чатырох выхаванцаў семінарыі Добрага Пастыра ў Кадуне (Нігерыя) адзін з іх быў знойдзены на ўзбочыне аўтатрасы з цяжкімі раненнямі.
Як паведаміла са спасылкай на нігерыйскія СМІ польская рэдакцыя парталу Vatican News, малады чалавек са шматлікімі пераломамі быў дастаўлены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі шпіталя ў Кадуне.
Семінарыст актыўна супраціўляўся выкрадальнікам і ў выніку быў моцна збіты. Злачынцы ад яго пазбавіліся, паколькі ў іх ён бы не выжыў.
Тым часам трое ягоных калег з першага курсу філасофіі з семінарыі Добрага Пастыра застаюцца ў руках выкрадальнікаў, якія, як паведаміў Кадунскі арцыбіскуп Мэцью Ндагоса, цяпер вядуць перамовы з сем’ямі адносна выкупу. Раён, дзе знаходзіцца семінарыя, лічыцца асабліва небяспечным. Тут дзейнічаюць некалькі злачынных груповак, якія займаюцца выкраданнем людзей дзеля выкупу.