Пошук

17.01.2020 18:17   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Выхаванцы семінарыі ў Кадуне (2017 г.). Фота: Johannes Klausa / aidtochurch.org

Біскупы і святары патрабуюць вярнуць чатырох семінарыстаў, якія былі выкрадзены невядомымі ўзброенымі людзьмі ў ноч на 8 студзеня ў Кадуне (Нігерыя).

Мясцовыя СМІ перадалі, што выкрадальнікі звязаліся з сем’ямі семінарыстаў, але пры гэтым не патрабавалі ад іх выкупу. Пра лёс выкрадзеных больш нічога не вядома.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, у сувязі са шматлікімі выкраданнямі і забойствамі ісламскімі тэрарыстамі хрысціянаў у Нігерыі тут сур’ёзна непакояцца за жыццё выкрадзеных семінарыстаў.

«Чаму свет маўчыць, гледзячы на знішчэнне нігерыйскіх хрысціянаў? Дапамажыце нам! — звяртаецца з заклікам кс. Джозэф Батурэ Фідэліс. — Становішча хрысціянаў у Нігерыі можна смела назваць пераследам, асабліва на поўначы краіны, дзе большасць складаюць мусульмане. Са снежня мінулага года тэрарысты з «Бока Харам» дзейнічаюць з яшчэ большай жорсткасцю. Пра гэта сведчыць выкраданне дзесяці хрысціянаў, люта забітых гэтай групоўкай на Божае Нараджэнне.

Дарога, на якой іх схапілі, сёння стала фактычна закрытай для хрысціянаў: настолькі там небяспечна. Чаму так адбываецца? «Бока Харам» жадае ўсталяваць кантроль над рэгіёнам і робіць усё для таго, каб яго здабыць, таму шмат хрысціянаў адтуль выгналі, а іншых забілі.

Нам патрэбна неадкладная дапамога еўрапейскіх урадаў, а таксама просім маліцца за нас, таму што мы сябе адчуваем вельмі пакінутымі».

Чатыры выкрадзеныя семінарысты — гэта маладыя студэнты першага курса філасофіі ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў.

Выкрадзеныя семінарысты. Фота: aidtochurch.org

Уначы 8 студзеня група ўзброеных мужчын трапіла за агароджу семінарыі, дзе адкрыла хаатычную страляніну. На шчасце, абышлося без забітых, хоць ахвяр магло быць шмат: у семінарыі жывуць і вучацца 268 студэнтаў.

На жаль, у рэгіёне выкраданне хрысціянаў не з’яўляецца чымсьці надзвычайным.

«Бока Харам» і іншыя ісламісцкія тэрарыстычныя групоўкі жорстка дзейнічаюць дзеля таго, каб умацаваць сваю ўладу. Такім чынам яны жадаюць прыцягнуць да сябе ўвагу СМІ, папоўніць свае шэрагі, а таксама прымусіць сем’і выкрадзеных плаціць ім грошы, неабходныя для далейшай тэрарыстычнай дзейнасці.

Абноўлена 25.01.2020 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця