Пошук

09.01.2020 13:19   Паводле: dominus.by / Catholic.by
Фота: rfi.fr

Кіраўнік Халдзейскага Каталіцкага Касцёла (аднаго з Усходніх Касцёлаў, якія ўваходзяць у склад Каталіцкага Касцёла) Патрыярх Вавілона Халдзейскага і арцыбіскуп Багдадскі Луіс Рафаэль I Сако пракаментаваў атаку амерыканскага беспілотніка ў Багдадзе, падчас якой быў забіты высокапастаўлены іранскі генерал.

Як паведамляе dominus.by, іерарх адзначыў: «Патрабуецца мудрасць, каб пазбегнуць „вулканічнага вывяржэння“, з якім мы можам сутыкнуцца».

Падчас літургіі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў катэдры св. Юзафа ў Багдадзе арцыбіскуп сказаў, што сённяшні крызіс з’яўляецца вынікам «неспакойнай эскалацыі, а таксама эмацыйных і імпульсіўных рашэнняў, прынятых тымі, каму не хапіла мудрасці і пачуцця адказнасці».

Кардынал звярнуўся да сусветных лідараў, заклікаючы пазбягаць далейшай эскалацыі насілля, таму што ў такім выпадку бязвінныя людзі стануць «палівам для полымя».

Таксама ён заклікаў хрысціянаў і мусульманаў маліцца аб тым, каб асобы, якія прымаюць важныя палітычныя рашэнні, дзейнічалі мудра і ўлічвалі стратэгічныя наступствы сваіх дзеянняў.

За два дні да гэтага кардынал зрабіў заяву, што пасля забойства іранскага генерала Касема Сулеймані і яшчэ шасці чалавек «іракцы знаходзяцца ў стане шоку». «Вельмі шкада, што наша краіна ператвараецца ў арэну для звядзення рахункаў, а не ў суверэнную дзяржаву, здольную абараніць сваю зямлю, багацце і грамадзян, — сказаў іерарх. — Перад абліччам гэтай адчувальнай і небяспечнай сітуацыі мы заклікаем усе зацікаўленыя бакі праяўляць стрыманасць, мудрасць і дзейнічаць рацыянальна, а таксама сесці за стол перамоваў у імя дыялогу і ўзаемаразумення, каб пазбавіць краіну ад такіх наступстваў, якія цяжка ўявіць».

Іракцы баяцца, што іх краіна, стомленая ад шматгадовай вайны, можа быць уцягнута ў канфлікт паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Ісламскай Рэспублікай Іранам.

Як адзначыў у размове з Catholic News Service арцыбіскуп Кіркука-Сулейманіі Халдзейскага Касцёла Юсіф Томас Міркіс OP, забойства генерала Сулеймані можа ўзмацніць канфлікт паміж мусульманамі-сунітамі і мусульманамі-шыітамі ў Іраку і прывесці да катастрафічных наступстваў.

Многія дэманстрацыі ў мінулым у Багдадзе і на поўдні Ірака былі накіраваны найперш супраць росту ўплыву Ірана ў Іраку, інструментам ажыццяўлення якога лічыліся і сілы «Кудс», якія ўзначальваў Сулеймані. Самога генерала пазіцыянавалі ледзь не як другую па значнасці асобу ў Іране пасля яго вышэйшага кіраўнка Алі Хаменэі. ЗША лічаць Сулеймані адказным за гібель соцень амерыканскіх вайскоўцаў у Іраку. Генерал быў галоўным стратэгам Ірана ў сірыйскім канфлікце. Многія аналітыкі лічаць, напрыклад, што ён быў у ісламскім свеце нашмат больш уплывовым, чым былы кіраўнік ультрарадыкальнай міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» Усама бен Ладен.

Апостальскі нунцый у Іране арцыбіскуп Лео Баккардзі паведаміў інфармацыйнаму агенцтву ANSA, што першай рэакцыяй на ўсю сітуацыю ў Тэгеране былі «недавер, боль і гнеў».

Абноўлена 09.01.2020 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.