Пошук

31.12.2019 08:39   Паводле: сatholicnewsagency.com / Catholic.by
Photo AFP - Stephane De Sakutin

У гэтым годзе Імша на Божае Нараджэнне ў Нотр-Дам у Парыжы не адбылася ўпершыню з часоў першай Французскай Рэспублікі. Таксама, як кажа пробашч святыні, ёсць вялікая верагоднасць таго, што будынак не будзе цалкам бяспечна адноўлены.

Святыня «не знаходзіцца па-за небяспекай», сказаў монсеньёр Патрык Шавэ агенцтву Associated Press, на якое спасылаецца CNA. Па яго словах, яна будзе па-за небяспекай, калі здымуць рыштаванні, якія засталіся.

Будаўнічыя рыштаванні, якія знаходзіліся на будынку да пажару 15 красавіка ў сувязі з аднаўленчымі працамі, расплавіліся падчас пажару. Па ацэнках, 551 тона металу ўсё яшчэ прысутнічае на вяршыні базылікі.

«Сёння мы можам сказаць, што ёсць, магчыма, 50% верагоднасці, што (базыліка) будзе захавана, — адзначыў пробашч. — Існуе таксама 50% верагоднасці таго, што рыштаванні ўпадуць, так што, як можаце бачыць, будынак усё яшчэ вельмі крохкі».

Святар дадаў, што, як толькі рыштаванні будуць знятыя, пачнуцца аднаўленчыя працы. Ён не думае, што гэта адбудзецца раней за 2021 год.

Пасля гэтага трэба будзе ацаніць стан святыні, колькасць камянёў, якія будуць выдалены і заменены.

Пасля таго, як пачнецца рэканструкцыя, пройдзе каля трох гадоў, перш чым святыня зможа быць адчынена для людзей, паведаміў пробашч. Хоць прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у дні пасля пажару паабяцаў, што базыліка будзе адноўлена да Летняй Алімпіяды 2024 года, якая пройдзе ў Парыжы, гэта здаецца малаверагодным.

Калі пачаўся пажар, была боязь, што ўвесь будынак можа быць страчаны. Пасля 12 гадзін гашэння пажару былі страчаны толькі дах і шпіль, а большая частка каменных скляпенняў захавалася. Пераважная большасць скарбаў і рэліквій, якія захоўваліся ў святыні, у тым ліку Цярновая карона, былі выдалены з базылікі і не пацярпелі.

Акрамя структурных пашкоджанняў, агонь таксама вызваліў вялікую колькасць таксічнага свінцовага пылу з-за разбурэння шпіля. Узроўні канцэнтрацыю свінцу ў базыліцы і вакол яе ў 500-800 разоў перавышаюць узровень дапушчальнага ўздзеяння.

З часу пажару ў базыліцы адбылася толькі адна Імша. Гэта было 16 чэрвеня, у гадавіну асвячэння яе алтара. Усе прысутныя на Імшы павінны былі надзець ахоўныя каскі.

У апошні раз урачыстая Імша на Божае Нараджэнне не адбылася ў Нотр-Даме ў 1803 г., падчас першай Французскай Рэвалюцыі. У 1793 г., на фоне рэвалюцыі, якая ўстанавіла рэспубліку, базыліка была «паўторна прысвечана культу розуму», рэлігіі, створанай дзяржавай, якая павінна была замяніць каталіцтва. Святыня была вернута Касцёлу ў пачатку ХІХ ст.

Да гэтага часу невядома, што стала прычынай пажару. Улады мяркуюць, што гэта магла быць або цыгарэта, або няспраўнасць электраправодкі.

Абноўлена 31.12.2019 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа