Пошук


Фота: www.vaticannews.va/be

25 верасня распачалося доўгачаканае апостальскае падарожжа папы Льва XIV у Францыю. Гэта пятая замежная паездка Пантыфіка і яго першы візіт у гэтую краіну. Чатырохдзённае падарожжа, якое працягнецца да 28 верасня, ахоплівае Парыж, Лурд і Мец. Ужо ў першы дзень свайго знаходжання ў Францыі Святы Айцец паспеў сустрэцца з прэзідэнтам краіны, выступіць у штаб-кватэры ЮНЕСКА, памаліцца ў катэдры Парыжскай Божай Маці і сустрэцца з моладдзю ў Сен-Дэні.

Самалёт італьянскай авіякампаніі «ITA Airways» з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта «Ф’юмічына» ў 7.58 па сярэднееўрапейскім часе. Палёт працягваўся каля дзвюх гадзін, за якія было пераадолена 1152 кіламетры над тэрыторыяй Італіі, Швейцарыі і Францыі. Яшчэ ў паветры Леў XIV даслаў традыцыйныя тэлеграмы кіраўнікам дзяржаў, над якімі пралятаў самалёт. Прэзідэнту Італіі Серджа Матарэле ён напісаў: «Распачынаючы апостальскае падарожжа ў Францыю пад апекай Дзевы Марыі, якой давяраем прагненне народаў да міру і згоды, я рады перадаць Вам, спадар Прэзідэнт, шчырае прывітанне і найлепшыя пажаданні дабрабыту і росквіту ўсяму італьянскаму народу».

Перад пачаткам візіту Папа звярнуўся да журналістаў, якія суправаджалі яго ў паездцы, і назваў галоўную мэту свайго падарожжа: «Я еду ў Францыю, як і ў любую іншую краіну свету, як паслядоўнік Езуса Хрыста, жадаючы абвяшчаць мір, мір Хрыста ва ўсім свеце».

Сустрэча з прэзідэнтам Макронам у Елісейскім палацы

Прыкладна а 10-й гадзіне самалёт прызямліўся ў парыжскім аэрапорце Арлі. Ля трапа Святога Айца чакаў Прэзідэнт Французскай Рэспублікі Эмануэль Макрон, а двое дзяцей паднеслі яму кветкі. Прагучалі дзяржаўныя гімны, былі аддадзены вайсковыя ганаровыя ўшанаванні, пасля чаго адбылося прадстаўленне дэлегацый абедзвюх бакоў.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ў аэрапорце Леў XIV накіраваўся ў Елісейскі палац, дзе яго прыняў прэзідэнт Францыі. Папу сустрэлі ганаровай вартай, адбыліся афіцыйнае фатаграфаванне і абмен падарункамі. Затым Пантыфік і Макрон правялі асабістую размову, якая працягвалася даўжэй, чым было прадугледжана пратаколам. Гэта была ўжо другая сустрэча Льва XIV і Эмануэля Макрона пасля візіту французскага лідара ў Ватыкан 10 красавіка 2026 года.

«Свабода, роўнасць і братэрства — ўніверсальныя этычныя імператывы»: аб чым Папа прамовіў французскаму істэблішмэнту

Пасля прыватнай сустрэчы з прэзідэнтам Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Як адзначае Vatican News, падчас сустрэчы з французскім істэблішмэнтам папа казаў пра хрысціянскія карані краіны, абарону чалавечай годнасці, ролю навукі і тэхналогій, неабходнасць дыялогу і адказнасць за захаванне міру. Ён пачаў свой зварот са згадкі пра тое, што «на працягу стагоддзяў Францыя ззяе як культурны, мастацкі і духоўны маяк не толькі ў Еўропе, але і ў свеце».

Пантыфік нагадаў, што французскія школы, універсітэты і акадэміі спрыялі пошуку праўды і паўплывалі на развіццё мыслення далёка за межамі краіны. Ён падкрэсліў, што навука, мастацтва, літаратура і філасофія могуць служыць чалавецтву, калі яны скіраваныя на пошук праўды, дабра і прыгажосці.

Леў XIV асобна згадаў аднаўленне парыжскага Нотр-Дама. Ён падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у рэстаўрацыі касцёла, і адзначыў, што яго аднаўленне стала не толькі тэхнічным поспехам, але і знакам надзеі: нават тое, што здавалася назаўсёды страчаным, можа быць адноўлена дзякуючы супольным намаганням. Пантыфік заклікаў усё французскае грамадства захоўваць гэты дух супрацоўніцтва і адзінства.

Адсюль Папа перакінуў мост да сучаснасці — да французскага дэвізу: «Свабода, роўнасць і братэрства з’яўляюцца ўніверсальнымі этычнымі імператывамі, якія таксама знаходзяць у Евангеллі невычэрпную крыніцу натхнення і здзяйснення». Ён узгадаў Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Папы Яна Паўла II.

«Святы Ян Павел II, які лічыў гэты дакумент "сапраўднай вяхой на шляху маральнага прагрэсу чалавецтва", усведамляў, што "кожная пагроза правам чалавека, як у сферы матэрыяльных, так і духоўных дабротаў, аднолькава небяспечная для міру, бо заўсёды закранае чалавека ва ўсёй яго цэласнасці"»,

— падкрэсліў Леў XIV.

Другі вялікі пласт прамовы — тэхналогіі. Спасылаючыся на энцыкліку Magnifica humanitas, Папа папярэдзіў: «Калі мы хочам пазбегнуць страты нашай чалавечнасці сярод «раю машын», які ўрываецца і абумоўлівае наша штодзённае жыццё, існуе тэрміновая патрэба ў адукацыі для этычнага распазнавання і здольнасці прызнаваць маральнае дабро». Навука без мудрасці, паводле яго слоў, можа «сур’ёзна адхіліць» чалавека «ад большага дабра, да якога ён імкнецца».

Папа таксама папярэдзіў, што не варта чакаць ад навукі і тэхналогій адказаў на ўсе чалавечыя праблемы. Без маральнага кіраўніцтва яны могуць выкарыстоўвацца дзеля камерцыйнай выгады і прыводзіць да небяспечных практык.

Леў XIV назваў сярод іх генетычныя маніпуляцыі, сурагатнае мацярынства, гандаль органамі і эўтаназію. Паводле яго слоў, абарона жыцця і павага да чалавека патрабуюць не толькі законаў, але таксама змены мыслення і сэрца.

Ад этыкі Папа перайшоў да грамадства. Свабодная дзяржава, на яго думку, не павінна выключаць рэлігію з публічнага жыцця — наадварот, свецкасць і вера могуць супрацоўнічаць дзеля агульнага дабра. Ён станоўча ацаніў дыялог паміж Святым Пасадам, французскім Касцёлам і ўрадам.

Леў XIV таксама высока ацаніў дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Францыі на карысць бедных, хворых і найбольш уразлівых людзей. Ён узгадаў святога Вінцэнта дэ Поля і сучасныя каталіцкія ўстановы, дзе медыцынскія работнікі дапамагаюць людзям, якія церпяць. Папа падкрэсліў неабходнасць прымаць і падтрымліваць слабых і безабаронных. У гэтым кантэксце ён яшчэ раз заявіў пра важнасць абароны права на жыццё.

Асобна Пантыфік адзначыў ролю каталіцкай школы. Паводле яго слоў, адукацыя павінна дапамагаць чалавеку лепш разумець уласную тоеснасць і адначасова сустракаць іншых людзей з павагай і адкрытасцю, а таксама можа быць важным сродкам дыялогу паміж рознымі народамі і рэлігіямі.

Завяршыў Папа тэмай міру. Ён нагадаў пра цярпенні на Блізкім Усходзе і выступіў супраць гонкі ўзбраенняў, назваўшы ядзерную зброю памылковай гарантыяй бяспекі. Сапраўдны мір, падкрэсліў ён, будуецца штодзённа праз дыялог і справядлівасць.

«Перад абліччам гукаў вайны і шматлікіх крызісаў, якія скаланаюць наш свет, Францыя мае пакліканне заставацца нястомнай будаўніцай міру і шматбаковасці, асабліва ў межах нашай дарагой Еўропы. Няхай Францыя, верная сваім каштоўнасцям, пракладае шлях да міру, які раззбройвае і сам не патрабуе ўзбраення, і адказна ўносіць свой незаменны ўклад у справу міру. Няхай ваша свабода няспынна ўзрастае ў служэнні агульнаму дабру; няхай ваша братэрства ахоплівае ўсё чалавецтва; а роўнасць, да якой вы імкнецеся, заўсёды грунтуецца на падмурку справядлівасці і любові, не знішчаючы адрозненняў паміж людзьмі, але дазваляючы ім гарманічна прыносіць плён на карысць усяго грамадства»,

— пажадаў Папа.

Завяршаючы прамову, Леў XIV падзякаваў французскім уладам і грамадству за сустрэчу. Ён запэўніў у сваіх малітвах за Францыю і пажадаў краіне міру, адзінства і росквіту, даручыўшы гэтыя пажаданні заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, галоўнай Апякункі Францыі.

Выступ у штаб-кватэры ЮНЕСКА

У другой палове дня Пантыфік наведаў штаб-кватэру Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), дзе выступіў з прамовай перад міжнароднай супольнасцю.

Святы Айцец пачаў з таго, што адукацыя не зводзіцца да ведаў і навыкаў. Яна павінна дапамагаць зразумець сэнс жыцця і адказна карыстацца свабодай, бо чалавек «можа апрацоўваць або спусташаць зямлю, ствараць мастацтва або разбураць».

«У гэты асаблівы момант мы павінны прызнаць, што самай страшнай з «чалавечых спраў» з’яўляецца вайна, бо ў ёй сама навука ставіцца на службу нечалавечай волі разбураць і забіваць»,

— сказаў Святы Айцец.

Ён нагадаў словы з прэамбулы Статута ЮНЕСКА: «думкі пра вайну ўзнікаюць у розуме людзей, таму ў свядомасці людзей трэба ўкараняць ідэю абароны міру». Гэтыя словы, падкрэсліў Папа, напісаныя пасля самай разбуральнай трагедыі мінулага стагоддзя. Тады чалавецтва ўбачыла: навуковы прагрэс без мудрасці становіцца зброяй, культура пад уладай ідэалогіі — хлуснёй і прапагандай, а адукацыя без праўды — інструментам маніпулявання свядомасцю.

Дамовы, дадаў Леў XIV, патрэбныя для мірнага суіснавання, але самі па сабе яны не дастатковыя. Патрэбны культура міру і агульная прыхільнасць яму, якія будуць гэтыя дамовы падтрымліваць.

Асаблівую ўвагу Папа надаў выклікам, якія ўзнікаюць у сувязі з тэхналогіямі і штучным інтэлектам. Ён папярэдзіў пра парадокс сучаснага грамадства: «У той час як «інтэлект» прыпісваецца вылічальным сістэмам, мы з цяжкасцю прызнаём неад’емную годнасць чалавечых асоб». Паводле яго слоў, штучны інтэлект можа апрацоўваць і супастаўляць велізарныя аб’ёмы інфармацыі, але ён не можа адказаць на пытанні пра сэнс чалавечага жыцця.

Для хрысціянскай веры таямніца чалавечай асобы цалкам праясняецца ў Хрысце. «У Яго святле кожны чалавек паўстае перад намі як стварэнне, жаданае і любімае Богам. Гэтае святло дапамагае нам таксама глыбей зразумець сэнс нашага агульнага чалавечага досведу», — сказаў Папа.

Каб паказаць, як будаваць адзінства, Леў XIV узяў два вобразы з «Бібліі — вялікага культурнага кода чалавецтва»: Бабілёнскую вежу і Пяцідзясятніцу. Вежа — гэта спроба збудаваць адзінства сілай і дэспатызмам, і вынік вядомы: канфлікты, непаразуменне, рассейванне. Пяцідзясятніца — іншы шлях: павага да адрозненняў, якія не знішчаюцца, а суіснуюць. Менавіта так, паводле Папы, і павінны будуцца адносіны паміж народамі і культурамі.

Навука, адукацыя і культура, падкрэсліў ён, павінны служыць гармоніі, адзінству і міру. Іх задача — дапамагаць пераадольваць страх і непаразуменне, а не ствараць новыя падзелы.

«Кожная культура дасягае сваёй найвышэйшай мудрасці тады, калі шукае міру і дабра для ўсіх, сведчачы пра сапраўдны сэнс нашай чалавечнасці»,

— сказаў Папа.

Папа заклікаў міжнародныя арганізацыі не губляць даверу да дыялогу, бо ніводная краіна не здольная самастойна вырашыць глабальныя праблемы.

«Святы Пасад хоча ўмацоўваць гэты давер у ЮНЕСКА, як і ў іншых міжнародных арганізацыях, усведамляючы, што кожны народ мае багацце, якім можа падзяліцца ў пошуку сапраўднага прагрэсу, які толькі мір можа гарантаваць», — сказаў Леў XIV. Гэта, паводле яго слоў, не наіўны аптымізм, а «трываласць у надзеі на тое, што дабро заўсёды магчыма».

«Мы верым, што адукацыя з’яўляецца інструментам пераадолення ўзаемных страхаў, а навука можа служыць жыццю кожнага чалавека, сеючы ў сучаснасці добры ўраджай будучыні. Гэты давер сілкуе нашу надзею ў любові, гэта значыць у служэнні дабру бліжняга: калі ўсе мы паслядоўна прысвецім сябе нашай цудоўнай чалавечнасці, мір нарэшце зможа заквітнець», — падкрэсліў Святы Айцец.

Нешпары ў катэдры Парыжскай Божай Маці

Бліжэй да вечара Леў XIV накіраваўся ў касцёл Парыжскай Божай Маці (Нотр-Дам), дзе ўзначаліў Нешпары з удзелам біскупаў, святароў, дыяканаў, законнікаў і семінарыстаў. Падчас набажэнства Папа прамовіў гамілію, у якой закрануў тэму місіі Касцёла ў сучасным свеце. Гэта быў першы візіт Папы ў Нотр-Дам пасля разбуральнага пажару 2019 года, і ўрачыстае набажэнства ў адноўленым саборы стала сімвалам адраджэння і надзеі.

Ля ўвахода Папу сустрэў арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш, а рэктар катэдры ксёндз Аліўе Рыбадо-Дюма падаў яму крыж і асвечаную ваду. Пасля малітвы ў капліцы Найсвяцейшага Сакрамэнту Пантыфік зайшоў у капліцу з рэліквіяй цярновага вянка Хрыста і накіраваўся да алтара.

Прагучаў урывак з Паслання да Галатаў: «Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне».

У гаміліі Папа ўзяў за прыклад само аднаўленне катэдры пасля пажару. Нотр-Дам стаў месцам сустрэчы людзей, якія да Касцёла не належаць. Так і Касцёл, паводле яго слоў, пакліканы не толькі берагчы традыцыю, але творча перадаваць яе — з адвагай веры і надзеяй.

Разважаючы над словамі «Паслаў Бог свайго Сына» (Ян 3, 17), Леў XIV сказаў, што хрысціяне не павінны ўцякаць ад складанасцей сучаснага свету. Касцёльная супольнасць — гэта месца «прыёму, павагі, аб’яўлення і сэнсу для ўсіх». Святы Айцец заклікаў Касцёл у Францыі быць блізкім да людзей ад поўначы да Міжземнамор’я, ад унутраных тэрыторый да заморскіх дэпартаментаў, і з даверам абапірацца на місіянерскі патэнцыял свецкіх вернікаў.

Асобна Пантыфік гаварыў пра літургію — сэрца жыцця Касцёла. Нотр-Дам нельга ўспрымаць толькі як помнік архітэктуры: катэдра жыве праз святую таямніцу, а Эўхарыстыя абнаўляе ахвяру Хрыста. Папа заклікаў біскупаў, святароў, дыяканаў і кансэкраваных асоб клапаціцца пра годнасць і прыгажосць літургіі нават у невялікіх супольнасцях і служыць пакліканню ўсяго Божага народа. «Разам мы будзем прароцтвам таго, што прымірэнне свету магчыма», — сказаў ён.

Святарам, семінарыстам і кансэкраваным асобам нагадаў пра асабістую малітву як аснову кожнага паклікання. Захоўваць унутранае жыццё і сяброўства з Хрыстом — з гэтай блізкасці з Богам і пачынаецца місія.

Напрыканцы Леў XIV узгадаў статую Маці Божай з Дзіцяткам, якая перажыла пажар і зноў стаіць перад вернікамі. Ён папрасіў Марыю, Маці Касцёла, падтрымліваць душпастыраў і суправаджаць місію Касцёла ў Францыі.

Сустрэча з моладдзю ў Сен-Дэні

Завяршыўся першы дзень візіту ў стадыёне «Стад дэ Франс» у Сен-Дэні — бедным прыгарадзе на поўнач ад Парыжа. Тут Леў XIV прыняў удзел у малітоўным чуванні з моладдзю. Гэта падзея была адной з самых чаканых у першы дзень візіту. Малітоўнае чуванне пачалося а 21-й гадзіне і сабрала каля 80 000 маладых вернікаў з розных куткоў Францыі.

Сустрэча пачалася з фестывальнай праграмы, якая ўключала сведчанні, песні і мастацкія выступленні. Моладзь прадставіла серыю сцэн з жыцця шматлікіх французскіх святых, уключаючы Тэрэзу з Лізьё, Шарля дэ Фуко, Луі і Зэлі Мартэн, Фрэдэрыка Азанама і многіх іншых. Выступленне завяршылася феерверкам на даху стадыёна і выбухам радасці маладых людзей, якія выкрыквалі «Леа, Леа».

Святы Айцец паразмаўляў з моладдзю, адказаўшы на два пытанні. Першае пытанне задала студэнтка: як мужна гаварыць пра Хрыста і пры гэтым захоўваць братэрскія адносіны з тымі, хто не верыць. Папа адказаў, што «развіццё братэрскіх сувязяў з тымі, хто не падзяляе нашай веры, дапамагае будаваць грамадства, а таксама можа стаць практыкаваннем у веры і любові, бо немагчыма сведчыць пра Хрыста, не любячы тых, каму абвяшчаем Яго». Ён дадаў, што «хрысціянскае пасланне не перашкаджае братэрскаму суіснаванню, а наадварот — падтрымлівае яго, бо запрашае кожнага ў свабодзе выслухаць пасланне міру і збаўлення».

Другое пытанне — пра распазнанне паклікання — задаў юнак, які займаецца пілігрымкамі і скаўцкім рухам. Папа нагадаў, што распазнанне адбываецца ў сяброўстве з Езусам:

«У першую чаргу памятайце, што слова Пана — гэта светач каля нашых ног. У святле Евангелля духоўная фармацыя адбываецца праз малітву і служэнне, адарацыю і дзейнасць, цішыню — такую рэдкую і неабходную, далёкую ад шуму СМІ, — і абвяшчэнне».

Ён параіў углядацца ў прыклады святых і сказаў: «Прыняўшы Яго Евангелле з ясным розумам і чыстым сэрцам, вы зразумееце, да якога служэння вас заклікае Езус. Гэта заўсёды дар жыцця — поўнага, вернага, напоўненага любоўю. Каб пераадолець трывогу і няўпэўненасць, майце адвагу сказаць адно простае і прыгожае слова: дзякуй. Дзякуй, Езу, за Тваю любоў».

Асобна Папа звярнуўся да тых, хто адчувае пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця:

«Касцёл у Францыі мае вялікую патрэбу ў вас! Ён моліцца за вас і чакае вас. Дарагія сябры, не бойцеся гэтага паклікання! Будзьце адважнымі, давярайце Езусу, які хоча зрабіць вас сваімі найбліжэйшымі сябрамі: Ён вас не расчаруе і заўсёды будзе побач з вамі. Ваша жыццё будзе цудоўным і плённым».

У медытацыі, разважаючы над словамі апостала Паўла да Цімафея, Леў XIV заклікаў моладзь жыць як «людзі Божыя» і шукаць свабоду ў жывых адносінах з Хрыстом. Ён нагадаў словы Езуса: «Пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32) і «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6).

Папа вылучыў тры дзеясловы хрысціянскага шляху: «пазбягаць», «імкнуцца» і «змагацца».

Трэба адкідаць ганарыстасць, марнасць, насілле і прагнасць, а імкнуцца да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Прыкладам стаў благаслаўлёны Марсэль Кало — малады французскі скаўт і рабочы, які нават у канцлагеры не пераставаў імкнуцца да дабра і захоўваў унутраную свабоду.

Пра «змаганне» Папа сказаў, што гэта не барацьба супраць іншых людзей, а вернасць Евангеллю. «Наша адзіная зброя — гэта любоў, якая дорыць сябе», — патлумачыў ён. Ён папярэдзіў пра сілы, якія дзеляць людзей і народы, абяцаючы шчасце, але ў выніку пазбаўляюць яго, і заклікаў моладзь быць майстрамі міру.

У завяршэнне Леў XIV звярнуў увагу на рэліквіі тунікі і крыжа Хрыста. Туніка нагадвае пра тое, чаго Хрыстус быў пазбаўлены, а крыж — пра тое, што Ён прыняў дзеля збаўлення людзей. Разам яны становяцца знакамі мукі і надзеі. Пантыфік заклікаў маладых расці ў святасці і змяняць грамадства да лепшага, становячыся «светлымі сведкамі гэтага Евангелля».

Свой зварот Святы Айцец завяршыў словамі малітвы святога Яна Паўла ІІ, прамоўленай падчас Сусветных дзён моладзі ў Парыжы ў 1997 годзе: «Настаўнік, Ты, які любіш і паважаеш чалавека, які раздзяліў пакуты чалавека, які асвятляеш таямніцу чалавечага існавання, дапамажы нам адкрыць сапраўдны сэнс нашага жыцця і нашага паклікання».

Як будзе працягвацца візіт

Другі дзень, 26 верасня, Папа распачне з наведвання цэнтра сацыяльнай падтрымкі і інтэграцыі «Maison Bakhita», які займаецца дапамогай мігрантам і бежанцам. Затым у Парыжскім каталіцкім інстытуце адбудзецца сустрэча з членамі правінцыйнай сінадальнай асамблеі, катэхуменамі і новаахрышчанымі. Пасля абеду Святы Айцец узначаліць урачыстую Імшу на плошчы Згоды, на якую чакаецца каля 600 тысяч вернікаў. Увечары таго ж дня Папа вылеціць у Лурд, дзе адразу накіруецца да грота Масаб’ель — месца аб’яўленняў Прасвятой Багародзіцы.

27 верасня будзе цалкам прысвечана Лурду. Ранец Папы пачнецца з сустрэчы з епіскапамі Францыі, затым ён узначаліць Імшу ў санктуарыі Лурдскай Божай Маці і прамовіць малітву «Анёл Панскі». У другой палове дня адбудзецца сустрэча з супрацоўнікамі і падапечнымі цэнтра «Accueil Notre-Dame», які прымае хворых і людзей з інваліднасцю. Пасля гэтага Папа прыватна сустрэнецца з законніцамі-кармэліткамі. Завершыцца дзень малітвай Ружанца і традыцыйнай працэсіяй са свечкамі.

28 верасня Леў XIV вылеціць у Мец — горад на мяжы трох краін. У цэнтры кангрэсаў імя Робера Шумана ён прыме ўдзел у міжрэлігійнай сустрэчы, а затым выступіць на форуме «Да каранёў Еўропы. Дзеля міру і адзінства». У другой палове дня Папа ўзначаліць Імшу ў катэдральным касцёле Святога Стэфана. Пасля развітальнай цырымоніі ў аэрапорце Меца ён вылеціць у Рым.

Даведка

Візіт Льва XIV у Францыю стаў першым дзяржаўным візітам Папы ў гэтую краіну пасля паездкі Бэнэдыкта XVI у верасні 2008 года. Такім чынам, Касцёл вярнуўся ў Францыю з папскім візітам праз 18 гадоў. Апошнімі Папамі, якія наведвалі Францыю, былі Ян Павел II (некалькі разоў, у тым ліку ў 1980, 1983, 1986, 1988, 1996 і 1997 гадах) і Бэнэдыкт XVI (у 2008 годзе). Леў XIV стаў пятым Папам, які наведаў гэтую краіну з апостальскім візітам.

Абноўлена 26.09.2026 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця