Пошук

19.07.2019 13:41   Кс. Аляксандр Улас / Паводле: wiara.pl / Фота: Павел Кухарскі / Catholic.by

18 ліпеня завяршыўся самы вялікі ў свеце шосты літургічны семінар Ars Celebrandi, які праходзіў у Ліхэні (Польшча). Арганізатар семінару — асацыяцыя Una Voce Polonia, член Міжнароднай федэрацыі Una Voce, якая з’яўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам свецкіх католікаў, прыхільнікаў Літургіі надзвычайнай формы рымскага абраду.

З Беларусі на семінары прысутнічалі кс. Андрэй Кеўліч, які з’яўляецца пробашчам у парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, кс. Міхал Бубен, вікарый парафіі св. Мікалая, біскупа, у Свіры, і Максім Фоміч. Спадзяемся, што пасля вяртання яны падзеляцца сваімі ўражаннямі.

З 11 па 18 ліпеня ў санктуарыі ў Ліхэні каля 200 удзельнікаў семінару пазнавала святую Літургію ў адпаведнасці з ранейшымі літургічнымі абрадамі.

«Мы верым у тое, што нашы семінары ў нейкім сэнсе дакранаюцца да нябёсаў і менавіта туды хочуць весці праз Літургію, якую Касцёл стагоддзямі ажыццяўляў», — адзначыў у размове з КАІ кс. Павел Карупка, капелан семінару.

«Падчас гэтых семінараў, — дадаў ён, — мы імкнемся паказаць, што Літургія — гэта не толькі абрады, жэсты або спевы, але менавіта яны павінны адкрыць нас для нябеснай Літургіі. Мы разумеем, што да Літургіі, якая адбываецца на нябёсах, мы далучаемся, як можам».

У сёлетнім семінары прымала ўдзел больш за 50 святароў і семінарыстаў не толькі з Польшчы, але і з больш чым 10 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Акрамя дыцэзіяльных святароў, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі шматлікіх манаскіх супольнасцяў: дамінікане, піяры, рэдэмптарысты, сэрцане. Дзевяць святароў цэлебравалі падчас семінару сваю першую святую Імшу ў надзвычайнай форме рымскага рытуалу, іншыя ўдасканальвалі свае навыкі.

Дзякуючы супрацоўніцтву з бэнэдыктынскім кляштарам у Тынцы ўсе прысутныя на семінары святары і семінарысты маглі практыкавацца ў грыгарыянскім спеве пад кіраўніцтвам кантара Тынецкага кляштара.

У старажытным рытуале Літургія, акрамя святара, патрабуе таксама міністранта. У гэтым годзе на майстар-класы Ars Celebrandi прыбыло больш за 100 міністрантаў, з іх каля 25 прыслугоўвалі на Імшы ў Трыдэнцкім абрадзе ў першы раз. Для тых, хто не ведае польскай мовы, была створана англамоўная група.

Акрамя таго, на працягу ўсяго семінару адбываліся заняткі па грыгарыянскім харале, асобна для мужчын і жанчын.

Удзельнікі Ars Celebrandi падчас практычных заняткаў маглі таксама пазнаёміцца з асаблівымі рытуаламі святой Імшы, якія ўжо не практыкуюцца ў Касцёле. 15 ліпеня ў галоўнай ліхэньскай базыліцы адбылася Імша ў дамініканскім рытуале — уласны літургічны абрад гэтага ордэну, які існаваў з часу яго заснавання, прыкладна з 1214 г., да літургічнай рэформы 1969 г. Сёння гэты рытуал выкарыстоўваецца ў Літургіі вельмі рэдка.

Пастаянным элементам семінару з’яўляецца таксама Імша-рэквіем за памерлых, якая завяршылася сёлета працэсіяй на мясцовых могілках.

«Падчас Літургіі мы ўступаем у кантакт з хвалебным Касцёлам і з тымі, хто, пакутуючы, не дасягнуў яшчэ паўнаты нябеснай хвалы. Таму прыгожая традыцыя з самага пачатку нашых семінараў — малітва за церпячых у чыстцы. Мы верым, што заступніцтва чыстцовых душаў і святых дапаможа нам добра разумець і ажыццяўляць святую Літургію», — адзначыў кс. Павел Карупка.

Абноўлена 19.07.2019 21:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.