Пошук

09.07.2019 17:44   Catholic.by
Фота: 1040km.blogspot.com

5 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай пешкі прыйшлі больш за 2 тысячы пілігрымаў, прычым самая доўгая пілігрымка — з Баранавічаў — ішла ў Будслаў 9 дзён. А самая доўгая пешая пілігрымка ў нашых заходніх суседзяў — больш чым удвая даўжэйшая!

Гэта пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары з польскага горада Хэль, што ў Паморскім ваяводстве на поўначы краіны. Гэтая мясцовасць населена пераважна кашубамі — прадстаўнікамі своеасаблівай заходнеславянскай этнічнай групы, якія маюць сваю адметную мову і культуру. З гістарычных крыніцаў вядома, што кашубы пілігрымавалі ў Чэнстахову ўжо ў XV ст.

Калі «баранавіцкія арлы» дабіраюцца да Будслава за 9 дзён, праходзячы пры гэтым каля 300 кіламетраў, дык пілігрымы з Хэля ідуць у Чэнстахову ажно 19 дзён, пераадольваючы шлях у 640 кіламетраў.

Сёлета яны выйдуць у дарогу 25 ліпеня ўжо ў 38-ы раз і дасягнуць мэты пілігрымкі 12 жніўня. У сярэднім вандроўнікі праходзяць у дзень па 35 кіламетраў. Дэвіз пілігрымкі — «У моцы Божага Духу».

Фота: Radio Maryja

Прайсці самым доўгім маршрутам на Ясную Гару збіраюцца пілігрымы з усёй Польшчы і нават з-за мяжы: летась з Хэля ў Чэнстахову прыйшлі каля 200 чалавек. Адметнасць гэтай пілігрымкі не толькі ў яе працягласці, але і ў тым, што ў дарозе яе ўдзельнікі моляцца па-кашубску. Яны штодзённа спяваюць гімн «Кашэбска Крулево» і клапоцяцца пра падтрыманне кашубскіх народных традыцый.

На сцягах і майках пілігрымаў з Хэля заўсёды змешчаны матывы традыцыйнай кашубскай вышыўкі.

Можа, «баранавіцкім арлам» у наступным годзе таксама варта паклапаціцца пра папулярызацыю паляшуцкай мовы і культуры?..

Фота: KAI

Акрамя таго, у кашубскіх пілігрымаў дастаткова насычаная штодзённая духоўная праграма. Яна ўключае ў сябе Ютрань, святую Імшу, супольныя малітвы, канферэнцыю ў дарозе, а таксама начное чуванне разам з сем’ямі, якія прымаюць пілігрымаў, падчас яснагорскага апэлю.

Першая сучасная пілігрымка з польскага Памор’я на Ясную Гару адбылася ў 1982 г.

Жадаючы ўшанаваць 600-годдзе іконы Маці Божай Чэнстахоўскай, яе ініцыятар кс. Зыгмунт Трэля сабраў групу вандроўнікаў з мэтаю прайсці больш за 600 кіламетраў на Ясную Гару.

Фота: KAI

З асаблівых нагодаў пілігрымы праходзілі большую адлегласць.

Так, у 2006 годзе ўдзельнікі юбілейнай 25-й пілігрымкі пераадолелі 930 кіламетраў, дайшоўшы да крыжа на Гевонце — адной з гораў у Заходніх Татрах, а ў 2011 г. маршрут пілігрымкі склаў 1040 кіламетраў і завяршыўся ў горадзе Левача ў Славакіі, дзе знаходзіцца славацкі Нацыянальны санктуарый Маці Божай.

Тры гады таму ўдзельнікі пілігрымкі з Хэля пешкі прыйшлі ў Кракаў, каб там узяць удзел у Сусветных днях моладзі і сустрэчы з папам Францішкам.

Фота: Radio Maryja

Той, хто ведае польскую мову, мае візу і жаданне, таксама можа далучыцца да самай доўгай польскай пілігрымкі. Запіс у пілігрымку праз інтэрнэт працягваецца да 21 ліпеня, але магчыма далучыцца таксама ўжо ў дарозе, запісаўшыся ў сакратарыяце і заплаціўшы ўнёсак удзельніка.

Абноўлена 09.07.2019 17:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа