Пошук

18.06.2019 10:12   Паводле: Vatican News
Фота: AP / LaStampa.it

16 чэрвеня папа Францішак здзейсніў 7-гадзінны візіт у італьянскую архідыяцэзію Камерына-Сан-Северына-Марке, дзе наведаў адзін з крызісных цэнтраў, у якім людзі, якія страцілі свае дамы ў выніку землятрусу 2016 года, жывуць у дамах-кантэйнерах.

Візіт Святога Айца ў раёны, якія пацярпелі ад моцнага землятрусу — гэта іскра надзеі ў рэчаіснасці, для якой уласціва адсутнасць даверу, — лічыць дырэктар мясцовага таварыства Caritas кс. Луіджы Вераліні, паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Мы спадзяёмся, што візіт Пантыфіка стане новым імпульсам для адбудовы, а напамін пра існуючую нядбайнасць і затрымкі ў гэтым плане палепшыць сітуацыю», — адзначыў святар.

Дырэктар Caritas паведаміў, што з 500 касцёлаў у архідыяцэзіі 356 па-ранейшаму знаходзяцца ў аварыйным стане і недаступныя для малітвы.

«Сітуацыя з жыллём найгоршая», — падкрэсліў дырэктар каталіцкай дабрачыннай структуры.

«Раён Карцінэ, які наведаў папа Францішак, яскрава дэманструе нашу складаную сітуацыю. Гэта самы вялікі крызісны цэнтр, дзе пражываюць больш за 200 сем’яў. Гэта людзі, якія вельмі моцна пацярпелі ад землятрусу, і пакуль невядома, наколькі доўгім будзе гэты пераходны перыяд», — сказаў кс. Вераліні.

Святар дадаў, што цэнтр Камерына па-ранейшаму з’яўляецца «чырвонай зонай», недаступнай для жыхароў. Кажуць, што шчасліўцы атрымаюць кватэры праз 5–7 гадоў, а тым, каму не пашанцуе, давядзецца чакаць яшчэ даўжэй. «Таму візіт Папы — гэта іскра надзеі для нас у гэтай рэчаіснасці, адзначанай адсутнасцю даверу. Папа Францішак можа абудзіць у нас надзею», — лічыць дырэктар Caritas.

У Камерына Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі службаў неадкладнай дапамогі і ўладамі разбураных муніцыпалітэтаў. Святы Айцец таксама ўзначаліў Эўхарыстыю з удзелам некалькіх тысяч вернікаў. У сваёй гаміліі ён запэўніў жыхароў горада, што Бог заўсёды памятае пра іх і адорвае трывалай надзеяй.

«Мы маленькія пад небам і бездапаможныя, калі дрыжыць зямля, але для Бога мы даражэйшыя за любую рэч», — запэўніў Папа жыхароў Камерына, напаўразбуранага падчас землятрусу ў 2016 г.

Пантыфік перасцярог мясцовых жыхароў ад спакусы засяроджвацца на дрэнных думках і сумных успамінах, бо яны пакідаюць толькі меланхолію і настальгію. Калі запрашаем Духа Святога ў свае раны, Ён намашчае дрэнныя ўспаміны бальзамам надзеі, таму што «Дух Святы — гэта рэканструктар надзеі», — сказаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што прыехаў у Камерына, каб быць побач з мясцовымі жыхарамі, каб разам прасіць у Бога аб ласцы памяці пра людзей у патрэбе, ласцы надзеі на тое, што нішто нетрывалае на зямлі не зможа пахіснуць унутранай упэўненасці чалавека, і ласцы блізкасці з людзьмі навокал, якая будзе праяўляцца ў канкрэтных жэстах спагадлівасці.

Абноўлена 18.06.2019 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа