Апошнімі днямі ў СМІ з’явіўся шэраг публікацый, у якіх сцвярджаецца, нібы папа Францішак «змяніў» малітву «Ойча наш». Насамрэч гаворка ідзе пра зацвярджэнне новага італьянскага перакладу, падрыхтаванага Канферэнцыяй біскупаў Італіі.
На жаль, нават пэўны беларускі рэсурс, які пазіцыянуе сябе як каталіцкі, няслушна падае гэтую нібы «навіну», якой ужо мінімум два тыдні, а насамрэч — значна больш.
Яшчэ 22 мая, падчас Агульнага пасяджэння Канферэнцыі біскупаў Італіі (СЕІ) яе Старшыня кардынал Гуалцьеро Басэцці абвясціў аб зацвярджэнні Трэцяга ўзорнага выдання «Рымскага Імшалу» ў перакладзе на італьянскую мову.
У новым зацверджаным тэксце галоўнай літургічнай кнігі ў перакладах на італьянскую мову малітвы «Ойча наш» і гімна «Хвала на вышынях Богу» адбыліся змены.
У малітве «Ойча наш» па-новаму перакладзены зварот е non c’indurre in tentazione — «і не ўводзь нас у спакусу», які цяпер гучыць: non abbandonarci alla tentazione — «не пакідай нас у спакусе». У гімне «Хвала на вышынях Богу» змяніўся пераклад другой часткі першай фразы, якая цяпер будзе гучаць так: Pace in terra agli uomini, amati dal Signore — «на зямлі супакой людзям, узлюбленым Панам».
Перад тым, як тэкст Трэцяга ўзорнага выдання «Рымскага Імшалу» на італьянскай мове быў перададзены на зацвярджэнне Святому Айцу, яго ў лістападзе мінулага года на 72-м Агульным пасяджэнні абмеркаваў і прыняў італьянскі епіскапат. Гэтаму папярэднічала 16 гадоў напружанай працы, у якой бралі ўдзел дасведчаныя тэолагі, біблісты, патролагі і лінгвісты.
За дзесяць гадоў да гэтага, у 2008 г., падобная версія перакладу малітвы «Ойча наш» з’явілася ў зацверджаным Канферэнцыяй біскупаў Італіі тэксце Святога Пісання.
Гэтае пытанне, між іншым, грунтоўна вывучаў бібліст а. П’етро Баваці, езуіт, сакратар Папскай біблійнай камісіі. Зробленыя ім навуковыя высновы былі апублікаваныя ў часопісе італьянскіх езуітаў La Civiltà Cattolica («Каталіцкая культура») — адным з найбольш аўтарытэтных каталіцкіх перыядычных выданняў.
Раней падобную змену ў пераклад малітвы «Ойча наш» на французскую мову ўнёс таксама французскі епіскапат.
Зацвярджэнню новай версіі перакладу папярэднічаў цыкл катэхезаў папы Францішка на тэму малітвы «Ойча наш», якія Святы Айцец абвяшчаў падчас сваіх традыцыйных агульных аўдыенцый па серадах. Адна з катэхезаў была прысвечана акурат тлумачэнню фразы «не ўводзь нас у спакусу». Пры гэтым папа Францішак зазначыў:
«Як вядома, арыгінальны грэчаскі выраз, змешчаны ў Евангеллі, цяжка перадаць дакладна, і ўсе сучасныя пераклады з’яўляюцца крыху „кульгавымі“. Тым не менш, адносна аднаго аспекту мы можам пагадзіцца адзінадушна: незалежна ад таго, як мы разумеем тэкст, мы павінны выключыць думку, што Бог нібы з’яўляецца крыніцай спакусаў, якія стаяць на шляху чалавека».
Менавіта такое разуменне не з’яўляецца інтэрпрэтацыяй самога папы Францішка, а ідзе ў рэчышчы таго, як каментавалі гэтыя словы з малітвы «Ойча наш» Айцы Касцёла і касцёльныя пісьменнікі: Аўгустын, Цыпрыян, Амброзій і Тэртуліян на Захадзе, а таксама Кірыл Ерузалемскі, Грыгорый Нісскі, Тэадор Мапсуэсцкі і Арыген на Усходзе.
Дык што ж усхвалявала прэсу?
Заўважым, што ў апошні час ні ў касцёльных сродках камунікацыі, ані ў паведамленнях паважаных інфармацыйных агенцтваў пра гэта не было гаворкі.
Як бачым, працэс удакладнення перакладаў святых тэкстаў на сучасныя мовы ідзе даўно, прычым паступова і вельмі павольна, што выклікана апраўданай асцярожнасцю з увагі на вялікую важнасць і складанасць гэтага пытання.
Хутчэй за ўсё, такі нездаровы ажыятаж і яўная хлусня сталі вынікам «палявання за сенсацыямі», да якіх такія ласыя неразборлівыя СМІ, асабліва ў летні час, калі з’яўляецца вельмі мала цікавых інфармацыйных нагодаў.