Бог не з’яўляецца крыніцай спакусаў, а дапамагае ў барацьбе з імі, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 1 мая на ватыканскай плошчы Святога Пятра.
Працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш», Пантыфік засяродзіў увагу на яе перадапошнім радку: «Не ўводзь нас у спакусу», які можна перакласці з грэчаскай мовы таксама як «не пакідай нас у спакусе» або «не дазволь нам трапіць у спакусу».
Святы Айцец нагадаў, што малітва «Ойча наш» пачынаецца з просьбы аб спаўненні вялікай Божай задумы. Потым яна скіроўвае позірк на жыццё і дапамагае прасіць аб тым, у чым мы маем патрэбу кожны дзень — аб штодзённым хлебе. Пасля гэтага малітва пераходзіць да нашых міжасобасных адносін, «часта забруджаных эгаізмам»: мы просім аб прабачэнні і абавязваемся яго даваць.
«Але менавіта праз перадапошнюю просьбу наш дыялог з Нябесным Айцом уваходзіць, калі можна так сказаць, у жывую драму, гэта значыць у сферу сутыкнення паміж нашай свабодай і падступнасцю злога», — падкрэсліў Папа.
«Як вядома, арыгінальны грэчаскі выраз, змешчаны ў Евангеллі, цяжка перадаць дакладна і ўсе сучасныя пераклады з’яўляюцца крыху „кульгавымі“.
Тым не менш, адносна аднаго аспекту мы можам пагадзіцца адзінадушна: незалежна ад таго, як мы разумеем тэкст, мы павінны выключыць думку, што Бог нібы з’яўляецца крыніцай спакусаў, якія стаяць на шляху чалавека. Маўляў, сам Бог падпільноўвае, каб чыніць перашкоды і пасткі для сваіх дзяцей. Інтэрпрэтацыі такога роду супярэчаць у першую чаргу самому тэксту і далёкія ад вобразу Бога, які Езус нам адкрыў.
Не будзем забываць, што малітва „Ойча наш“ пачынаецца са слова „Ойча“, а айцец ніколі не робіць пасткі для сваіх дзяцей.
Хрысціяне не маюць справы з зайздросным Богам, які канкурыруе з чалавекам, якому прыносіць задавальненне падвяргаць чалавека выпрабаванням. Такімі з’яўляюцца вобразы шматлікіх язычніцкіх багоў.
У Пасланні св. Якуба мы чытаем: «Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога» (Як 1, 13). Акурат наадварот: Айцец не з’яўляецца крыніцай зла і ніводнаму сыну, што просіць рыбы, Ён не дае змяю (пар. Лк 11, 11), а калі зло праяўляецца ў жыцці чалавека, Ён змагаецца на баку чалавека, каб той мог вызваліцца ад зла.
Бог заўсёды змагаецца за нас, а не супраць нас. Ён — Айцец! Менавіта ў такім сэнсе мы молімся „Ойча наш“», — сказаў Папа.
Два гэтыя моманты — выпрабаванне і спакуса — таямнічым чынам прысутнічалі ў жыцці самога Езуса, сказаў Святы Айцец і дадаў, што ў гэтым досведзе Божы Сын цалкам стаў нашым братам.
«Менавіта гэтыя евангельскія ўрыўкі паказваюць нам, што самыя складаныя просьбы малітвы „Ойча наш“, якімі завяршаецца тэкст, ужо былі выслуханы: Бог не пакінуў нас у самотнасці, але ў Езусе Ён аб’явіўся як „Бог з намі“ аж да крайніх наступстваў», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Калі мы падвяргаемся спакусе чыніць зло, адмаўляючы братэрства з іншымі людзьмі і прагнучы абсалютнай улады над усім і над усімі, Езус ужо перамог гэтую спакусу для нас: гэта пацвярджаюць першыя старонкі Евангелля.
Адразу пасля атрымання хросту ад Яна сярод натоўпу грэшнікаў Езус адышоў у пустыню, дзе Яго спакушаў д’ябал. <…> Але Езус адрынуў усе спакусы і выйшаў пераможцам. Евангелле паводле св. Мацвея ўтрымлівае цікавую заўвагу напрыканцы дуэлі паміж Езусам і ворагам: „Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось анёлы падышлі і служылі Яму“ (Мц 4, 11)», — сказаў Папа.
Пантыфік зазначыў, што Бог не пакінуў людзей нават у час найвышэйшага выпрабавання падчас малітвы ў Аліўным садзе, калі сэрца Езуса было ахоплена невымоўнай трывогай, пачуццём самотнасці і пакінутасці.
«Выпрабаванне было настолькі жахлівым, што здарылася нечаканае. Езус ніколі не прасіў аб любові да самога сябе, але ў тую ноч Яго душа была засмучана аж да смерці, і тады Ён папрасіў аб блізкасці сваіх сяброў: „Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною“ (Мц 26, 38). Як ведаем, вучні заснулі, абцяжараныя здранцвеннем, выкліканым страхам», — сказаў Папа.
«У час тугі Бог просіць чалавека не пакідаць Яго, але чалавек засынае. Аднак у час, калі чалавек перажывае свае выпрабаванні, Бог чувае.
У самыя цяжкія моманты нашага жыцця, у самыя балючыя моманты, у самыя трывожныя Бог чувае з намі, Бог змагаецца побач з намі, Ён заўсёды блізка да нас.
Чаму? Таму што Ён Айцец. З гэтага мы пачынаем малітву „Ойча наш“. А айцец не пакідае сваіх дзяцей.
Гэтая ноч болю і барацьбы з’яўляецца апошняй пячаткай Уцелаўлення: Бог сыходзіць, каб сустрэць нас у нашай бездані і пакутах, што пазначаюць гісторыю», — дадаў Святы Айцец.
Ён падкрэсліў, што нашым суцяшэннем у час выпрабаванняў павінна быць упэўненасць, што «гэтая даліна з таго часу, як праз яе прайшоў Езус, больш не бязлюдная, але благаслаўлёная прысутнасцю Божага Сына».
«Ён ніколі нас не пакіне!» — сцвердзіў папа Францішак.
Святы Айцец завяршыў катэхезу словамі малітвы: «О Божа, аддалі ад нас час выпрабаванняў і спакусаў. Але калі гэты час да нас прыйдзе, Ойча наш, пакажы нам, што мы не самотныя: Ты наш Айцец. Пакажы нам, што Хрыстус ужо ўзяў на сябе таксама цяжар і гэтага крыжа. Пакажы нам, што Езус кліча нас несці гэты крыж разам з Ім, з даверам аддаючыся любові Айца».