Пошук

20.05.2019 15:16   Пераклад: Крысціна Бурак / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: wutqfm.com
Ілюстрацыйнае фота: wutqfm.com

«Даючы нам новую запаведзь, Езус просіць нас любіць адзін аднаго не толькі і не столькі нашай любоўю, але і Ягонай», — звярнуў увагу папа Францішак у разважанні перад малітвай «Уладарка неба» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане ў нядзелю 19 мая.

«Сённяшняе Евангелле вядзе нас у вячэрнік, каб мы пачулі некаторыя са словаў, з якімі Езус звярнуўся да сваіх вучняў у „развітальнай прамове“ перад сваёй мукай, — адзначыў Папа. — Пасля таго, як Ён абмыў ногі дванаццаці апосталам, сказаў ім: „Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго“ (Ян 13, 34).

Але ў якім сэнсе Езус называе гэтую запаведзь “новай”? Таму што мы ведаем, што ўжо ў Старым Запавеце Бог загадаў членам свайго народа любіць бліжняга, як самога сябе. Сам Езус адказаў таму, хто спытаў Яго, якая самая вялікая запаведзь у законе, што першая — любіць Бога ўсім сэрцам, а другая — любіць бліжняга, як самога сябе (пар. Мц 22, 38–39)».

«Такім чынам, што новага ў гэтай запаведзі, якую Езус даручае сваім вучням? — працягваў Папа. —

Старажытная запаведзь любові стала новай, таму што яна была дапоўненая гэтым дадаткам: „як Я палюбіў вас“. Навізна — гэта любоў Езуса Хрыста, з якою Ён аддаў сваё жыццё за нас.

Гаворка ідзе аб Божай любові, універсальнай, без умоваў і без абмежаванняў, якая знаходзіць сваю найвышэйшую ступень на крыжы. У той момант крайняга прыніжэння, у той час аддання Айцу Сын Божы паказаў і падарыў свету паўнату любові. Разважаючы над мукай Хрыста, вучні зразумелі сэнс Яго слоў: „як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго“».

«Езус першым палюбіў нас, палюбіў, нягледзячы на нашую нетрываласць, нашу абмежаванасць і нашыя чалавечыя слабасці, — падкрэсліў Святы Айцец. — Гэта Ён прымусіў нас стаць годнымі Яго любові, якая не ведае межаў і ніколі не сканчваецца. Даючы нам новую запаведзь, Ён просіць нас любіць адзін аднаго не толькі і не столькі нашай любоўю, але і Ягонай, як Святы Дух напаўняе нашыя сэрцы, калі мы будзем звяртацца да Яго з верай.

Такім чынам — і толькі так — мы можам любіць адзін аднаго не толькі як мы любім сябе, але і як Ён палюбіў нас, значыць бязмерна больш. Бог сапраўды любіць нас значна больш, чым мы любім сябе. І так мы можам распаўсюдзіць насенне любові, якая аднаўляе адносіны паміж людзьмі і адкрывае гарызонты надзеі.

Езус заўсёды адкрывае гарызонты надзеі, Яго любоў адкрывае іх. Гэтая любоў прымушае нас стаць новымі людзьмі, братамі і сёстрамі ў Хрысце, і робіць з нас новы народ Божы, гэта значыць Касцёл, у якім усе пакліканы любіць Хрыста і ў Ім любіць адзін аднаго».

«Любоў, якая праяўляецца на крыжы Хрыста і якой Ён заклікае нас жыць, з’яўляецца адзінай сілай, якая ператварае наша каменнае сэрца ў сэрца з плоці; адзіная сіла, здольная ператварыць нашае сэрца, — гэта любоў Езуса, калі мы таксама любім такой любоўю, — заўважыў папа Францішак. — І яна робіць нас здольнымі любіць ворагаў і прабачаць тым, хто пакрыўдзіў нас.

Я задам вам пытанне, няхай кожны адкажа на яго ў сваім сэрцы: ці здольны я любіць сваіх ворагаў? Ва ўсіх нас ёсць людзі — не ведаю, ці яны ворагі, але якія не згодныя з намі, — тыя, хто „на іншым баку“, або людзі, якія прычынілі боль... Ці здольны я любіць гэтых людзей, гэтага мужчыну, гэтую жанчыну, якія прычынілі мне боль, пакрыўдзілі мяне? Ці магу прабачыць ім?»

«Любоў Езуса прымушае нас бачыць адзін аднаго як цяперашняга ці будучага члена супольнасці Яго сяброў; Ён стымулюе нас да дыялогу і дапамагае нам слухаць і пазнаваць адзін аднаго, — сказаў Пантыфік. — Любоў адкрывае нас для іншага чалавека, што становіцца асновай чалавечых адносін; робіць здольнымі пераадольваць бар’еры нашых слабасцяў і прадузятасцяў. Любоў Езуса ў нас стварае масты, вучыць новыя шляхам, абуджае дынамізм братэрства.

Дзева Марыя, дапамажы нам, з Тваім матчыным заступніцтвам, прыняць ад Твайго Сына Езуса дар Яго запаведзі і ад Святога Духа — сілу практыкаваць яе ў штодзённым жыцці».

Абноўлена 20.05.2019 15:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.