Пошук

03.05.2019 11:19   Паводле: Vatican News
Фота Аляксандры Шчыглінскай

2 мая польская рэдакцыя партала Vatican News са спасылкай на інтэрв’ю Дзяржсакратара папы Францішка кардынала П’етро Параліна агенцтву ACI паведаміла, што запланаванае ў Ватыкане стварэнне «суперведамства» па справах місіі не зменшыць ролі Кангрэгацыі веравучэння.

Як зазначыў высокі іерарх, веру неабходна абвяшчаць у яе чыстым і цэласным выглядзе. Ён распавёў пра гэта ў кантэксце праекту новай Апостальскай канстытуцыі, прысвечанай рэформе Рымскай Курыі.

Адна з найбольш значных зменаў, прадугледжаных праектам, заключаецца ў стварэнні вялікага ведамства па справах місіі, у якое будуць аб’яднаныя сённяшнія Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў і Папская рада па справах новай евангелізацыі.

Будзе таксама адноўлена дзейнасць дабрачыннага ведамства, ролю якога да нядаўняга часу выконвала Папская рада Cor Unum («Адзінае сэрца»). Плануецца, што замест яе будзе створана Служба апостальскай дабрачыннасці.

Каментуючы запланаваныя змены, кардынал Паралін заахвочвае не звяртаць празмернай увагі на іерархію.

«Уся Рымская курыя знаходзіцца на службе ў Папы. Цяпер у дадатак яна павінна быць на службе ў біскупаў, але насамрэч так было заўсёды.

Праз Папу курыя заўсёды служыла таксама біскупам», — падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар.

З’яўленне ў Рымскай курыі на першым месцы Кангрэгацыі па справах евангелізацыі — гэта праява таго, што цяперашні пантыфікат вялікую ўвагу звяртае на справы місіі. Паводле кардынала Параліна, гэта, тым не менш, не змяншае ролі Кангрэгацыі Веравучэння, якая па-ранейшаму мае вельмі вялікае значэнне.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці пракаментаваў таксама сітуацыю на еўрапейскім кантыненце перад выбарамі ў Еўрапарламент.

«Трэба сумленна прызнацца ў тым, што Еўропа знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Гэта адбываецца з-за таго, што былі занядбаныя каштоўнасці, звязаныя з хрысціянскай спадчынай, у прыватнасці салідарнасць і субсідыярнасць», — сцвердзіў кардынал Паралін. На яго думку, Еўропа перадусім «павінна адшукаць сваю душу».

Абноўлена 03.05.2019 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа