Пошук

29.03.2019 16:14   Паводле: Vatican News
Фота Flickr / Diana Robinson

29 сакавіка Святы Пасад абнародаваў тры дакументы заканадаўча-рэгулюючага характару, распрацаваныя па выніках саміту па абароне непаўнагадовых, які праходзіў у Ватыкане ў лютым.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя партала Vatican News, cваім подпісам папа Францішак зацвердзіў дакумент у форме motu proprio адносна абароны непаўнагадовых і ўразлівых асобаў, новы закон Дзяржавы Ватыкан, які распаўсюджваецца ў тым ліку на Рымскую курыю, і Пастырскае кіраўніцтва.

Спецыфіка дакументаў у тым, што яны датычацца толькі Дзяржавы Ватыкан, дзе працуе вялікая колькасць святароў і рэлігійных асобаў, але вельмі мала дзяцей.

Хоць нарматыўныя тэксты і былі напісаны для ўнікальнай рэчаіснасці ў свеце, у якой найвышэйшая рэлігійная ўлада выступае адначасова кіраўніком і заканадаўцам, яны ўтрымліваюць узорныя ўказанні з улікам найбольш перадавых міжнародных нормаў.

У motu proprio — адзіным з трох дакументаў, у якім подпіс Папы абавязковы, — Пантыфік, між іншым, выказвае пажаданне, каб «умацоўваўся ў свядомасці абавязак паведамляць пра выпадкі злоўжыванняў кампетэнтным уладам і супрацоўнічаць з імі ў справе прадухілення і барацьбы» з гэтай ганебнай з’явай.

Той факт, што папа Францішак вырашыў асабіста падпісаць таксама Закон № 297 і Пастырскае кіраўніцтва — тэксты, якія маглі і без яго подпісу быць абнародаваныя адпаведна Камісіяй па справах Дзяржавы Ватыкан і Папскім вікарыем, — сведчыць пра важнасць гэтых нормаў.

Першы дакумент — гэта новы закон, у першым артыкуле якога даецца дакладнае і шырокае вызначэнне катэгорыі «ўразлівых дарослых», якія прыраўноўваюцца да непаўнагадовых: «Уразлівай з’яўляецца кожная асоба ў стане непаўнаспраўнасці, фізічнага ці псіхічнага парушэння або пазбаўленая асабістай свабоды, што фактычна, у тым ліку і выпадкова, абмяжоўвае яе здольнасць мець намеры, або жадаць, або любым чынам супрацьстаяць нападу».

Дакумент утрымлівае шэраг вельмі важных новаўвядзенняў. Па-першае, ад гэтага часу ўсе злачынствы, звязаныя са злоўжываннямі ў дачыненні да непаўнагадовых, не толькі сексуальнымі, але і ганебнымі, будуць пераследвацца па законе нават пры адсутнасці адпаведнай заявы аднаго з бакоў.

Па-другое, тэрмін даўніны, якім уводзіцца некаральнасць па справе сексуальнага злоўжывання ў дачыненні да непаўнагадовай асобы, павялічваецца з чатырох гадоў з моманту здзяйснення злачынства да дваццаці гадоў з моманту дасягнення ахвярай злачынства 18 гадоў.

Па-трэцяе, для ўсіх дзяржаўных службовых асобаў Ватыкана і, адпаведна, Рымскай курыі, а таксама для дыпламатычнага персаналу Апостальскіх нунцыятур уводзіцца абавязак паведамляць судовым органам Ватыкана пра выпадкі злоўжыванняў, пра якія ім стала вядома пры любых умовах, акрамя сакрамэнту споведзі. Невыкананне гэтага патрабавання будзе карацца.

Яшчэ адным новаўвядзеннем з’яўляецца стварэнне пры Ватыканскай дырэкцыі гігіены і аховы здароўя Службы суправаджэння для ахвяраў злоўжыванняў на чале з кваліфікаваным экспертам.

Нарэшце, асобнае палажэнне датычыцца адбору і працаўладкавання персаналу Губернатарату і Рымскай курыі: неабходна пераканацца, што кандыдат здольны ўзаемадзейнічаць з непаўнагадовымі.

У сваю чаргу Пастырскае кіраўніцтва для Вікарыяту Ватыкана адрасавана святарам, дыяканам і выхавацелям установы перадсемінарыйнай падрыхтоўкі імя св. Пія X (Preseminario San Pio X), канонікам, пробашчам і супрацоўнікам дзвюх наяўных у Ватыкане парафій, кансэкраваным асобам, якія пражываюць у Ватыкане, а таксама «ўсім, хто працуе ў любым статусе, індывідуальна або сумесна, у рэлігійнай супольнасці Вікарыяту Ватыкана». У дакуменце ўдакладняецца, што гэтыя асобы павінны быць навідавоку, калі знаходзяцца ў прысутнасці непаўнагадовых, і ім забараняецца ўстанаўліваць прывілеяваныя стасункі з асобным дзіцем, зняважліва ставіцца да яго або неналежна паводзіць сябе з ім ці рабіць намёкі сексуальнага характару, прасіць дзіця захоўваць таямніцу, фатаграфаваць яго без пісьмовага дазволу на гэта яго бацькоў». Пералік патрабаванняў шырокі.

Ад гэтага часу Вікарыят Ватыкана абавязаны паведамляць Прамотару справядлівасці пра кожную вестку адносна злоўжыванняў, з мэтай перасцярогі адхіляючы ад пастырскай дзейнасці магчымага віноўніка злачынства. Прызнаны вінаватым у злоўжыванні будзе звольнены з пасады ў Ватыкане. Калі гаворка ідзе пра святара, да яго будуць таксама прымяняцца дзейсныя кананічныя нормы.

Абноўлена 29.03.2019 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа