Апостальскім пасланнем Communis vita («Супольнае жыццё»), якое выйшла ў форме motu proprio, папа Францішак унёс некаторыя папраўкі ў Кодэкс кананічнага права, якія набудуць моц з 10 красавіка.
Беларуская рэдакцыя партала Vatican News удакладняе, што гаворка ідзе пра выпадкі, калі члены манаскай супольнасці працяглы час адсутнічаюць без дазволу настаяцеля. Згодна з канонам 665, кансэкраваныя асобы абавязаны пражываць у сваёй супольнасці і весці сумеснае жыццё. Калі нехта пакідае супольнасць без дазволу, настаяцель павінен зрабіць усё магчымае, каб адшукаць яго і дапамагчы вярнуцца.
Папа не адмяняе прадпісанняў згаданага канона, аднак разглядае такую сітуацыю, калі настаяцелю не ўдаецца знайсці законніка, падпарадкаванага яму. Згодна з дзеючымі нормамі, пасля шасці месяцаў незаконнай адсутнасці магчыма пачаць працэс выдалення з манаскага інстытута. Аднак у гэтай сітуацыі ўзнікаюць прававыя складанасці, калі месцазнаходжанне асобы невядома.
Каб дапамагчы манаскім кангрэгацыям у захаванні дысцыпліны, Святы Айцец дадаў у канон 694 аб выдаленні законнікаў параграф — выдаленне ipso facto (моцаю самога факту), якое адбываецца ў выпадку адрачэння ад каталіцкай веры або спробы ўступіць у шлюб, а таксама незаконнай бесперапыннай адсутнасці, якая працягваецца па меншай меры 12 месяцаў пры ўмове, што месцазнаходжанне члена інстытута невядома.
Старэйшы настаяцель пасля беспаспяховых спробаў адшукаць адсутнага павінен заявіць пра тое, што яго месцазнаходжанне невядома, і атрымаць пацвярджэнне ад Святога Пасада, калі гаворка ідзе пра кангрэгацыю папскага права, або ад біскупа, калі гаворка ідзе пра дыяцэзіяльны інстытут.
Згаданыя папраўкі выклікалі неабходнасць невялікай мадыфікацыі канона 729, што датычыцца свецкіх інстытутаў, паколькі для іх правілы выдалення з прычыны незаконнай адсутнасці не ўжываюцца.
Як растлумачыў арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, папраўкі ўнесены пасля неаднаразовых зваротаў манаскіх настаяцеляў, паколькі ўсё часцей узнікаюць сітуацыі, калі асоба, фактычна застаючыся членам інстытута, стварае сітуацыі, несумяшчальныя з манаскім жыццём.