Пошук

22.02.2019 08:08   Catholic.by
Папа Францішак і папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. Фота: thetablet.co.uk

22 лютага, у свята катэдры св. Пятра, папа Францішак папрасіў вернікаў Касцёла атуліць малітваю яго самога і ягонага папярэдніка Бэнэдыкта XVI.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя партала Vatican News, з такою просьбаю Святы Айцец звярнуўся 20 лютага напрыканцы агульнай аўдыенцыі, вітаючы на італьянскай мове прысутных на ёй пілігрымаў.

«Маліцеся за мяне і за маё служэнне, а таксама за папу Бэнэдыкта, каб я заўсёды і ўсюды ўмацоўваў братоў у веры», — сказаў папа Францішак.

Тэалагічны сэнс свята катэдры святога Пятра дазваляе вернікам глыбей усвядоміць значэнне ўлады кіравання ў Касцёле, перададзенай Езусам Хрыстом апосталу Пятру і яго наступнікам.

У старажытнасці слова «катэдра» азначала біскупскі трон, з якога адбывалася ўрачыстае навучанне. У Рыме захоўваецца біскупскі пасад, які сімвалізуе ўладу, перададзеную спачатку Пятру, a потым па чарзе ўсім яго наступнікам каля стырна Касцёла. Найбольшы аўтарытэт, якім па волі Хрыста карыстаўся Пётр сярод дванаццаці апосталаў, гарантаваў таксама i яго наступнікам асаблівае месца сярод іншых біскупаў.

У гэты дзень вернікі асаблівым чынам закліканыя маліцца за сённяшняга наступніка святога апостала Пятра — папу Францішка, які з’яўляецца бачным кіраўніком Касцёла на зямлі і гарантам яго адзінства, а таксама памятаць у сваіх малітвах пра ягонага папярэдніка — папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI, які кіраваў Касцёлам з 19 красавіка 2005 г. па 28 лютага 2013 г. і цяпер жыве ў кляштары на тэрыторыі Ватыкана.

Абноўлена 22.02.2019 08:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.