22 лютага адзначаецца свята Катэдры святога Пятра (раней — 18 студзеня). Маецца на ўвазе катэдра не ў сэнсе касцёльнага будынку, а сама ўлада кіравання ў Касцёле, перададзеная Езусам Пятру і яго наступнікам.
У старажытнасці слова «катэдра» азначала біскупскі трон, з якога адбывалася ўрачыстае навучанне. У Рыме захоўваецца біскупскі пасад, які сімвалізуе ўладу, перададзеную спачатку Пятру, a потым па чарзе ўсім яго наступнікам каля стырна Касцёла. Найбольшы аўтарытэт, якім па волі Хрыста карыстаўся Пётр сярод дванаццаці апосталаў, гарантаваў таксама i яго наступнікам асаблівае месца сярод іншых біскупаў.
У гэты дзень вернікі асаблівым чынам моляцца за сённяшняга наступніка святога апостала Пятра — Папу, які з’яўляецца бачным кіраўніком Касцёла на зямлі і гарантам яго адзінства.