Пошук

20.02.2019 20:06   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява. VideoMoviles.com

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 лютага прайшла ў Ватыкане, Папа разважаў пра верную любоў Бога да кожнага чалавека, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, напачатку Святы Айцец заўважыў, што «першым крокам кожнай хрысціянскай малітвы з’яўляецца ўваход у таямніцу айцоўства Бога». Для яе разумення трэба перадусім ачысціць і пераўзысці наша ўяўленне пра бацькоўскую любоў.

«Ніхто з нас не меў дасканалага бацькі, як і мы, у сваю чаргу, ніколі не будзем дасканалымі бацькамі або пастырамі, — зазначыў Пантыфік. — Вось чаму, калі мы гаворым пра Бога як пра „айца“ і ўяўляем вобраз нашых бацькоў, асабліва калі яны нас вельмі любілі, у той жа час мы павінны ісці далей, таму што Божая любоў — гэта любоў Айца, „каторы ёсць у небе“, згодна з выразам, які нас запрашае выкарыстоўваць Езус.

Гэта — поўная любоў, смак якой мы можам адчуць у гэтым жыцці толькі недасканалым чынам.

Людзі з’яўляюцца вечнымі жабракамі любові: мы — жабракі любові, мы ў ёй маем патрэбу. Людзі шукаюць месца, дзе іх будуць нарэшце любіць, але не знаходзяць яго. Колькі расчаравання ў сяброўстве і любові існуе ў нашым свеце. Шмат…» — сцвердзіў Папа.

Прывёўшы прыклад з грэцкай міфалогіі, Святы Айцец зазначыў, што ў ёй бог любові — гэта самая трагічная постаць, якая не разумее сваёй прыроды. «Міфалогія кажа, што ён сын Пораса і Пеніі, што значыць багацця і беднасці, якому наканавана насіць на сабе абліччы сваіх бацькоў», — нагадаў Пантыфік. На яго думку, гэта адлюстроўвае дваістую прыроду чалавечай любові: яна здольная ў адзін і той жа дзень ажыць і расквітнець, а потым адразу завянуць і памерці.

«Ёсць выраз прарока Осіі, які бязлітасна акрэслівае прыроджаную слабасць нашай любові: „Міласэрнасць вашая — нібы ранішні туман і раса, што хутка знікае“.

Вось чым часта з’яўляецца наша любоў: абяцаннем, якое цяжка стрымаць; спробай, якая хутка высыхае і выпарваецца, падобна да начной расы, якая знікае, калі ўзыходзіць сонца», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ўсе людзі сустракаліся з досведам аслаблення любові, але любоў Бога іншая. Яна адрасавана кожнаму чалавеку, і нават калі нас не любілі нашыя бацькі, Бог, «каторы ёсць у небе», любіць нас так, як ніхто на гэтай зямлі не любіў і не зможа любіць.

У пацвярджэнне гэтага пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў словы прарока Ісаі: «Ці забудзе жанчына дзіця сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе».

«Нават калі ўсе нашы зямныя прывязанасці разбурацца і ў нашых руках не застанецца нічога, акрамя пылу, заўсёды будзе палымяная, выключная любоў Бога», — запэўніў папа Францішак.

«У празе любові, якую ўсе адчуваюць, мы не шукаем таго, чаго не існуе: наадварот, яна з’яўляецца заклікам пазнаць Бога як айца. Навяртанне св. Аўгустына, напрыклад, прайшло па гэтым водападзеле: малады і выбітны рытар проста шукаў у стварэннях таго, што ніводнае стварэнне не магло яму даць, пакуль аднойчы не адважыўся ўзняць позірк увышыню. І ў той дзень ён пазнаў Бога. Бога, Які любіць», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік растлумачыў, што выраз „каторы ёсць у небе“ азначае не аддаленасць Бога, а радыкальную адметнасць Яго любові: «іншае вымярэнне любові, нястомнай любові, якая застаецца заўсёды, якая будзе заўжды <…> больш за тое, якая заўсёды блізка».

«Таму не бойцеся! Ніхто з нас не самотны.

А калі нават, на няшчасце, твой зямны бацька забудзецца пра цябе, а ты будзеш пакрыўджаны на яго, табе не адмоўлена ў асноватворным досведзе хрысціянскай любові: веданні таго, што ты — умілаванае дзіця Бога; што не існуе нічога ў жыцці, што можа згасіць Яго гарачую любоў да цябе», — завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.

Абноўлена 21.02.2019 01:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця