12 лютага папа Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва бл. Джона Генры Ньюмана (1801–1890).
Пра другі цуд, які адбыўся праз заступніцтва благаслаўлёнага кардынала Джона Генры Ньюмана, тры гады таму паведаміла архідыяцэзія Чыкага. Працяглы час спатрэбіўся для вывучэння ўсіх абставінаў, каб надзвычайная падзея, што адбылася ў Злучаных Штатах, сапраўды магла быць прызнаная цудам.
Гэтым разам ацаленне цудоўным чынам атрымала цяжарная жанчына. Лекары дыягнаставалі ў яе хваробу, што пагражала жыццю.
Жанчына малілася праз заступніцтва благаслаўлёнага кардынала Ньюмана, і небяспечная хвароба адступіла.
Дактары сцвердзілі, што з пункту гледжання медыцыны не могуць растлумачыць, якім чынам жанчына раптам зноў атрымала здароўе.
Джон Генры Ньюман нарадзіўся ў 1801 годзе ў Лондане. Вывучаў тэалогію ў Оксфардскім універсітэце і ў 1924 г. стаў англіканскім святаром. З каталіцтвам ён упершыню сутыкнуўся падчас падарожжа ў Італію. Пасля вяртання на радзіму ў 1833 г. ён стаў заснавальнікам так званага Оксфардскага руху, мэтай якога было аднаўленне традыцыйных аспектаў хрысціянскай веры, якія былі страчаны ў англіканстве.
Правёўшы некалькі гадоў у вывучэнні Айцоў Касцёла, разважаннях і малітве, англіканскі пастар пераканаўся, што не Каталіцкі Касцёл памыляўся ў сваім веравучэнні, а менавіта англіканства задалёка адышло ад першапачатковага сэнсу веры. Увосень 1845 г. Джон Генры Ньюман вырашыў перайсці ў каталіцтва, і 9 кастрычніка быў афіцыйна прыняты ва ўлонне Касцёла.
«Айцы Касцёла зрабілі мяне католікам», — казаў ён пазней, маючы на ўвазе, што менавіта праз вывучэнне першасных крыніц хрысціянскай веры змяніў свае погляды.
У тыя часы быць католікам у Англіі было нялёгка. Варожае стаўленне да Касцёла захоўвалася ў пратэстанцкай краіне прынамсі да сярэдзіны ХХ ст. Разам з Ньюманам у каталіцтва перайшлі многія пратэстанты, якія былі прыхільнікамі Оксфардскага руху.
Пасля вучобы ў Рыме ў кастрычніку 1846 г. Джон Ньюман прыняў у Касцёле прэзбітэрскае пасвячэнне і стаў уплывовым рэлігійным лідарам у Брытаніі. Ён заснаваў Каталіцкі ўніверсітэт Ірландыі, які пад іншай назвай сёння з’яўляецца буйнейшым універсітэтам краіны.
У 1879 годзе прапаведнік і філосаф, якому належаць больш за 80 тамоў навуковых і літаратурных твораў, атрымаў годнасць кардынала за заслугі перад Святым Пасадам.
Завяршыўшы свой доўгі і яскравы жыццёвы шлях, кардынал Джон Генры Ньюман адышоў да Пана 11 жніўня 1890 г. Беатыфікацыя кардынала Ньюмана адбылася ў 2010 годзе, калі папа Бэнэдыкт XVI наведваў Вялікабрытанію.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя паратала Vatican News, акрамя дэкрэту аб прызнанні цуду праз заступніцтва бл. кардынала Ньюмана падчас аўдыенцыі для кардынала Анджэло Бэчу папа Францішак падпісаў яшчэ шэраг дэкрэтаў аб прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў будучых святых і благаслаўлёных. Дату кананізацыі новых святых абвесцяць пасля кансісторыя па кананізацыйных справах, аб скліканні якога будзе паведамлена ў бліжэйшы час.