Пошук

12.02.2019 17:31   Паводле: Эмануэла Кампаніле / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Папа Пій ХІ. Фота sib-catholic.ru

Упершыню звяртаючыся да вернікаў па радыё 12 лютага 1931 г., папа Пій ХІ распачаў эпоху камунікацыі, якая стала неад’емным сродкам евангелізацыі ў сучасным свеце.

Папа Пій ХІ адышоў у вечнасць 80 гадоў таму, 10 лютага 1939 г., за паўгады да пачатку Другой сусветнай вайны. Ён быў выдатным дыпламатам і інтэлектуалам, які ўвайшоў у гісторыю перадусім дзякуючы Латэранскім пагадненням, што 90 гадоў таму сталі падставаю сучаснай структуры Святога Пасаду — Ватыкана.

Акіле Амброджо Дам’яно Рацці быў выбраны на пасад св. Пятра 6 лютага 1922 г. пасля смерці ягонага папярэдніка Бэнэдыкта XVI.

Яго пантыфікат, які працягваўся 17 гадоў, прыпаў на складаны гістарычны перыяд, калі ў Еўропе набіраў моц фашызм, нацызм і камунізм, што суправаджаліся рэлігійным пераследам.

14 сакавіка 1937 г. Пій ХІ выдае на нямецкай мове энцыкліку Mit brennender Sorge («З вялікай занепакоенасцю»), у якой рашуча асуджае нацысцкую ідэалогію:

«Толькі духоўна неглыбокія людзі могуць памылкова казаць пра нейкага нацыянальнага Бога, пра нейкую нацыянальную рэлігію і прадпрымаць бязглуздую спробу абмежаваць толькі адным народам, звузіць толькі да адной расы Бога — Стварыцеля сусвету».

Следам за энцыклікай з асуджэннем нацызму 19 сакавіка таго ж года Святы Айцец у энцыкліцы Divini Redemptoris («Боскага Адкупіцеля») рашуча асуджае таксама бесчалавечную камуністычную ідэалогію:

«Сённяшні камунізм найбольш з усіх падобных плыняў у мінулым крые ў сабе ідэю фальшывага збаўлення».

Дзве гэтыя энцыклікі Пія ХІ тагачасны біскуп Анджэло Джузэпэ Ранкаллі, будучы папа Ян ХХІІІ, назваў «велічнымі стаўпамі» сацыяльнага вучэння Касцёла.

З самага пачатку свайго пантыфікату папа Пій ХІ імкнуўся да нармалізацыі адносінаў з італьянскай дзяржавай. Адразу пасля абрання Папам ён удзяліў благаслаўленне Urbi et Orbi — Гораду і свету — з балкона базылікі св. Пятра, шчыльна закрытага з 1870 г., калі Рым быў захоплены войскам Гарыбальдзі, і Папская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне. Праз пяць месяцаў, 25 ліпеня 1922 г., Святы Айцец выйшаў на двор перад ватыканскай базылікай, паклаўшы такім чынам канец дабравольнаму «зняволенню» папаў.

Сутнасць свайго веравучэння і прыярытэтаў пантыфікату Пій ХІ жадаў падкрэсліць сваім папскім дэвізам Pax Christi in regno Christi — «Хрыстовы супакой у Валадарстве Хрыстовым».

У 1925 г. Пій ХІ абвясціў юбілей, падчас якога заклікаў вернікаў маліцца аб міры паміж народамі, а таксама арганізаваў Сусветную місіянерскую выставу, у якой адлюстраваў дзейнасць Касцёла ў свеце. Развіваў фармацыю мясцовага духавенства і ў базыліцы св. Пятра сам пасвяціў шэсць першых кітайскіх біскупаў. Рэфармаваў рух «Каталіцкага дзеяння» і спрыяў яго паспяховаму распаўсюджванню.

З гэтым быў звязаны канфлікт Святога Айца з італьянскім дыктатарам Мусаліні, які разагнаў усе моладзевыя аб’яднанні, акрамя фашысцкіх. У адказ на гэта 29 чэрвеня 1931 г. Пій ХІ выдаў яшчэ адну сацыяльную энцыкліку на італьянскай мове Non abbiamo bisogno («Не маем патрэбы»).

Папа міжваеннага перыяду быў не толькі тонкім дыпламатам і інтэлектуалам, але таксама з надзвычайнай дальнабачнасцю разумеў важнасць развіцця тэхналогій і сродкаў камунікацыі.

12 лютага 1931 г. сваім радыёзваротам ён распачаў вяшчанне Ватыканскага радыё, рэтранслятар для якога пабудаваў Гульельмо Марконі.

Пій ХІ падчас інаўгурацыі Ватыканскага радыё з Г. Марконі. Фота esteri.it

«Да ўсяго стварэння, да Бога, да католікаў, іерархаў, законнікаў, місіянераў, да ўсіх вернікаў, няверуючых і іншадумцаў, кіраўнікоў, падданых, багатых, бедных, да працаўнікоў і працадаўцаў, да прыгнечаных і пераследаваных».

Не адно пасланне папа Пій ХІ скіраваў у эфір, сярод якіх і «Калі мільёны» ў 1938 г. з заклікам да малітвы «перад насоўваннем небяспекі вайны і пагрозы нябачанага дагэтуль знішчэння і разбурэнняў». Палітычная сітуацыя ў свеце ў той гістарычны перыяд была адзначана глыбокімі падзеламі і напружанасцю, што неўзабаве сапраўды прывяло да выбуху Другой сусветнай вайны. Папа Пій ХІ як толькі мог імкнуўся папярэдзіць чалавецтва і прымусіць яго апамятацца.

Абноўлена 12.02.2019 17:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа