Пошук

22.01.2019 08:08   Паводле: Vatican News, Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота santuariodefatima.org

22 студзеня, у дзень, калі ў Панаме распачынаюцца 34-я Сусветныя дні моладзі, варта ўзгадаць, як узнікла гэтая ініцыятыва, якой у 1985 г. даў старт св. Ян Павел ІІ.

Перадгісторыя Сусветных дзён моладзі распачалася 22 красавіка 1984 г., калі на заканчэнне Святога года Юбілею адкуплення св. Ян Павел ІІ пасля закрыцця юбілейных дзвярэй у базыліцы св. Пятра перадаў моладзі Юбілейны Крыж.

«Дарагая моладзь, на заканчэнне Святога года я ўручаю вам сімвал гэтага Юбілею — крыж Хрыста!

Нясіце яго ў свет як знак любові Пана Езуса да чалавецтва і абвяшчайце ўсім, што толькі ў Хрысце — памерлым і ўваскрослым — ёсць збаўленне і адкупленне», — сказаў Ян Павел ІІ у той гістарычны момант.

Вялікі драўляны крыж вышынёю амаль у чатыры метры, які на працягу юбілейнага года як маяк веры знаходзіўся перад галоўным алтаром базылікі св. Пятра, быў перададзены ў рукі пілігрымаў з усяго свету. Крыж быў перанесены ў Цэнтр св. Лаўрэнція, заснаваны Вялікім папам для моладзі, дзе ён і знаходзіцца з таго часу, калі толькі не «пілігрымуе» па свеце. Першай краінай, куды ён трапіў разам з пілігрымамі, стала Германія.

Фота papaboys.org

31 сакавіка 1985 г., у Пальмовую нядзелю, на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане вакол Крыжа Святога года сабраўся натоўп з больш за 30 тыс. юнакоў і дзяўчат. Яны прыбылі з пяці кантынентаў з нагоды Міжнароднага года моладзі, абвешчанага ААН.

Ян Павел ІІ быў моцна ўзрушаны гэтым. У снежні таго ж года падчас віншаванняў Рымскай Курыі Святы Айцец сказаў: «Перад маімі вачыма ўсё яшчэ стаіць гэты вобраз вялікага сходу моладзі ўсіх рас і народнасцяў». Ён удакладніў, што мае на ўвазе не нейкае «безыменнае мноства», а «жывую і асабістую прысутнасць», якая стала выразам радасці ў супольнай праяве любові і веры ў Хрыста Пана. Гэты момант і можна лічыць стартам Сусветных дзён моладзі, якія абвясціў св. Ян Павел ІІ:

«Пан асабліва благаславіў гэтую сустрэчу такім чынам, што на наступныя гады быў устаноўлены Сусветны дзень моладзі, які належыць адзначаць у Пальмовую нядзелю».

Так нарадзіліся Сусветныя дні моладзі, якія штогод праходзяць на дыяцэзіяльным узроўні, а таксама раз у два або тры гады ў розных частках свету, дзе адбываецца сустрэча моладзі са Святым Айцом.

Фота laici.va

Аднак «Крыж пілігрымаў» — не адзіны сімвал, які з рук св. Яна Паўла ІІ атрымала моладзь, каб суправаджаў яе на шляху СДМ. З 2003 г. разам з Крыжам па свеце вандруе таксама абраз Багародзіцы Salus Populi Romani (Збаўленне рымскага народа), або Маці Божай Снежнай, старажытны арыгінал якога, намаляваны св. Лукой, захоўваецца ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore).

Перад гэтай цудадзейнай іконай цяперашні папа Францішак моліццца перад кожным сваім Апостальскім падарожжам і пасля вяртання.

Фота laici.va
Упершыню абраз Маці Божай Снежнай з’явіўся побач з «Крыжам пілігрымаў» на пляцы эспланады Тор Вэргата падчас сустрэчы маладых людзей з усяго свету з папам Янам Паўлам ІІ падчас XV Сусветных дзён моладзі, якія ў 2000 годзе сабралі ў Рыме каля двух з паловай мільёнаў юнакоў і дзяўчат.

13 красавіка 2003 года, у Пальмовую нядзелю падчас Сусветнага дня моладзі ў дыяцэзіях, папа Ян Павел ІІ цэлебраваў св. Імшу на плошчы Св. Пятра ў Рыме. Перад заканчэннем цэлебрацыі Святы Айцец прамовіў традыцыйную малітву «Анёл Панскі». Побач з ім у гэты час знаходзілася група моладзі з Германіі, якая павінна была прыняць Крыж пілігрымаў на шлях падрыхтоўкі да наступных дзён моладзі, прызначаных праз два гады ў Кёльне.

На заканчэнне малітвы Святы Айцец сказаў: «Дэлегацыі, якая прыбыла з Германіі, я ўручаю сёння таксама ікону Панны Марыі. З гэтага часу яна разам з Крыжам будзе суправаджаць Сусветныя дні моладзі.

Яна стане знакам матчынай прысутнасці Марыі побач з маладымі людзьмі, пакліканымі, як і апостал Ян, прыняць Яе ў сваё жыццё».

Каляндар Сусветных дзён моладзі

  • 23 сакавіка 1986 — I Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 11–12 красавіка 1987 — II Сусветныя дні моладзі, Буэнас-Айрэс (Аргенціна)
  • 27 сакавіка 1988 — III Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 15–20 жніўня 1989 — IV Сусветныя дні моладзі, Сант’яга-дэ-Кампастэла (Іспанія)
  • 8 красавіка 1990 — V Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 10–15 жніўня 1991 — VI Сусветныя дні моладзі, Чэнстахова (Польшча)
  • 12 красавіка 1992 — VII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 10–15 жніўня 1993 — VIII Сусветныя дні моладзі, Дэнвер (ЗША)
  • 27 сакавіка 1994 — IX Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 10–15 студзеня 1995 — X Сусветныя дні моладзі, Маніла (Філіпіны)
  • 31 сакавіка 1996 — XI Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 19–24 жніўня 1997 — XII Сусветныя дні моладзі, Парыж (Францыя)
  • 5 красавіка 1998 — XIII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 28 сакавіка 1999 — XIV Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 15–20 жніўня 2000 — XV Сусветныя дні моладзі, Рым (Італія)
  • 8 красавіка 2001 — XVI Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 23–28 ліпеня 2002 — XVIІ Сусветныя дні моладзі, Таронта (Канада)
  • 13 красавіка 2003 — XVIІІ Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 4 красавіка 2004 — XIX Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 16–21 жніўня 2005 — XX Сусветныя дні моладзі, Кёльн (Германія)
  • 9 красавіка 2006 — XXІ Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 1° красавіка 2007 — XXII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 15–20 ліпеня 2008 — XXIII Сусветныя дні моладзі, Сідней (Аўстралія)
  • 5 красавіка 2009 — XXIV Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 28 сакавіка 2010 — XXV Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 16–21 жніўня 2011 — XXVІ Сусветныя дні моладзі, Мадрыд (Іспанія)
  • 1° красавіка 2012— XXVII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 22–29 ліпеня 2013— XXVIII Сусветныя дні моладзі, Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія)
  • 13 красавіка 2014— XXIX Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 29 сакавіка 2015— XXX Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 26–31 ліпеня 2016 — XXXI Сусветныя дні моладзі, Кракаў (Польшча)
  • 9 красавіка 2017 — XXXII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 25 сакавіка 2018— XXXIII Сусветны дзень моладзі ў дыяцэзіях
  • 22–27 студзеня 2019 — XXXIV Сусветныя дні моладзі, Панама
Фота papaboys.org

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.