15 студзеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынала Анджэло Бэчу і ўхваліў дэкрэты аб кананізацыйных і беатыфікацыйных працэсах.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першы дэкрэт датычыцца прызнання цуду, здзейсненага праз заступніцтва бл. Маргарыты Баі (Marguerite Bays), швейцарскай свецкай верніцы, панны, члена Трэцяга францішканскага ордэна.
Святы Айцец ухваліў таксама дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва Марыі Дэль-Кармэн і трынаццаці яе паплечніц, законніц, забітых з нянавісці да веры ў 1936 г. падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі.
Яшчэ два дэкрэты датычацца прызнання гераічнасці цнотаў польскай законніцы Ганны Каворэк, сузаснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Святога Міхала Арханёла і пуэртарыканскай законніцы Марыі Саледад Санхурха Сантас з кангрэгацыі Служак Марыі Памочніц Хворым.