11 студзеня са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду беларуская рэдакцыя партала Vatican News паведаміла, што ў спісе замежных падарожжаў Святога Айца ў 2019 г. з’явілася яшчэ адно — апостальскі візіт у Румынію.
Пасля паездкі ў Балгарыю і Македонію, абвешчанай на 5–7 мая 2019 г., папа Францішак скіруеццца ў Румынію. У гэтай пераважна праваслаўнай краіне ён будзе знаходзіцца з 31 мая па 2 чэрвеня. Дэвіз Апостальскага падарожжа: «Ідзем разам».
На прадстаўленым лагатыпе папскага візіту выяўлены Божы народ, якія ідзе пад абаронай Багародзіцы.
Такі сімвал абраны невыпадкова: Румынію часта называюць «Садам Маці Божай».
Гэтую ж формулу выкарыстоўваў і Ян Павел ІІ падчас свайго візіту ў краіну. Лагатып аформлены ў колерах нацыянальнага сцяга Румыніі: сінім, жоўтым і чырвоным.
У Румыніі Пантыфік наведае чатыры гарады: Бухарэст, сталіцу краіны, дзе, магчыма, адбудзецца сустрэча з праваслаўным Патрыярхам Даніілам; Блаж, дзе ў 1795 г. быў выдадзены першы пераклад Бібліі на румынскую мову; Ясы — першую лацінскую дыяцэзію ў краіне, якую разам у Бухарэстам заснаваў у 1883 г. Леў XIII; а таксама Меркура-Чук, дзе знаходзіцца санктуарый, месца штогадовай пілігрымкі католікаў з Венгрыі і Румыніі.
Ян Павел II наведаў Румынію 7–9 мая 1999 г. Тады адбылася гістарычная сустрэча Святога Айца з тагачасным праваслаўным Патрыярхам Феактыстам. Падчас Боскай літургіі ва ўсходнім абрадзе, якая праходзіла ў катэдры св. Юзафа ў Бухарэсце, адбылося ўшанаванне сямі грэка-каталіцкіх мучанікаў.
Па дадзеных агульнанацыянальнага перапісу 2002 г. у Румыніі праваслаўнымі сябе лічаць 86,7% насельніцтва краіны. Католікаў лацінскага абраду тут каля 4,7%, грэка-католікаў — 0,9%, пратэстантаў — 6,5%.