Румынская рыма-каталіцкая архідыяцэзія Альба-Юліі звяртаецца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу па справе вяртання гістарычнай бібліятэкі Батыянеум, канфіскаванай камуністычным рэжымам у 1950 г., якая цяпер знаходзіцца ў распараджэнні Нацыянальнай бібліятэкі Румыніі.
Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва SIR, пазіцыю архідыяцэзіі Альба-Юліі падтрымлівае Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Румыніі. Румынскія іерархі нагадваюць, што «прызнанне права ўласнасці — гэта адзін са стаўпоў прававой дзяржавы, і яно гарантавана канстытуцыяй.
У 1949 годзе камуністычны рэжым незаконна канфіскаваў маёмасць Каталіцкага Касцёла абодвух абрадаў — рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага. Вяртанне гаспадарам гэтых канфіскаваных дабротаў з’яўляецца таксама актам, неабходным для ўмацавання дэмакратыі ў Румыніі», — сцвярджае румынскі каталіцкі епіскапат.
Архідыяцэзія Альба-Юліі звяртаецца ў суд у Страсбургу ўжо ў другі раз пасля больш як дваццаці гадоў нявырашанай справы з бібліятэкай Батыянеум. У 2012 годзе Еўрапейскі суд асудзіў дзяржаўныя ўлады Румыніі за невыкананне рашэння суду, які абавязаў іх вярнуць Касцёлу канфіскаваную камуністамі маёмасць.
Паколькі дзяржава адмаўляецца вярнуць касцёльную маёмасць, у 2014 годзе архідыяцэзія распачала чарговы працэс, які цяпер быў канчаткова адхілены Вярхоўным судом Румыніі. У прэс-камюніке архідыяцэзія назвала рашэнне румынскага суду «несправядлівым і недапушчальным» і выказала намер звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Бібліятэка Батыянеум была заснавана каталіцкім біскупам Ігнацыем Бац’яні ў XVIII стагоддзі і налічвае 18 тыс. рукапісаў і кніг, у тым ліку вельмі рэдкіх твораў.
Сярод іх — частка так званага «Залатога кодэксу», або Евангеліярыя з абацтва Лорш з Евангеллямі паводле Мацвея і Марка. Другая частка гэтага Кодэксу, які датуецца 812 годам, захоўваецца ў Ватыканскай бібліятэцы.
За больш як 30 гадоў пасля звяржэння дыктатарскага рэжыму Чаўшэску рэлігійным арганізацыям не ўдалося вярнуць маёмасці, канфіскаванай камуністамі ў 1948–1950 гадах, і шмат дыяцэзій, епархій і манаскіх супольнасцяў дабіваюцца справядлівасці ў судах.