14 лютага Папа Францішак прызначыў прэфектам Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі ксяндза Маўро Мантавані SDB, які ў апошнія гады быў дэканам філасофскага факультэта Папскага салезіянскага ўніверсітэта ў Рыме.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты 67-гадовы салезіянін мае дзве доктарскія ступені: па філасофіі і літаратуры (абараніў у Папскім універсітэце Саламанкі ў Іспаніі), а таксама па тамістычнай тэалогіі (абараніў у Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага Angelicum у Рыме). З 2007 года з’яўляецца выкладчыкам Папскага салезіянскага ўніверсітэта, дзе займаў пасады дэкана філасофскага факультэта, дэкана факультэта сацыяльных камунікацый, віцэ-рэктара і рэктара. Уваходзіць у склад Папскай акадэміі святога Тамаша Аквінскага і Навуковага камітэта агенцтва Святога Пасаду па ацэнцы і павышэнню якасці касцёльных універсітэтаў і факультэтаў (AVEPRO).
Апостальская бібліятэка была заснавана па ініцыятыве папаў Мікалая V і Сікста IV у другой палове XV стагоддзя. Сёння тут захоўваецца больш за 1,5 мільёна старажытных і сучасных кніг, больш за 8 тысяч інкунабул, каля 150 тысяч манускрыптаў, каля 300 тысяч манет і медалёў і каля 20 тысяч твораў мастацтва.