23 красавіка, у літургічны ўспамін святога Юрыя, мучаніка, Папа Францішак, ахрышчаны Хорхэ, або Юрый, адзначае імяніны.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з гэтай нагоды Святы Айцец перадаў сучасныя апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх шпіталям у Румыніі, Іспаніі і Італіі.
У Румыніі дапамогу ад Святога Айца атрымае шпіталь у невялікім горадзе Сучава, дзе пражывае амаль 25% усіх жыхароў краіны, якія заразіліся каранавірусам.
Горад знаходзіцца ў адным з самых бедных раёнаў Румыніі і ўсяго Еўрасаюзу. Пяць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншыя матэрыялы будуць дастаўлены туды спецыяльным рэйсам, якім у Румынію вярнуцца мясцовыя медыкі, якія дапамагалі ў Італіі.
У Іспанію медыцынскае абсталяванне, у тым ліку тры апараты ШВЛ, будзе дастаўлена праз Апостальскую нунцыятуру, якая разам з арцыбіскупам Мадрыдскім кардыналам Карласам Асорам С’ерай размяркуе дапамогу па шпіталях.
Апостальскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі асабіста адправіцца ў горад Леча на поўначы Італіі, каб завезці туды два апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх ад Святога Айца. На зваротным шляху ён заедзе ў Неапаль, каб атрымаць лекі, прызначаныя для бедных Рыма. Мясцовая каталіцкая супольнасць арганізавала збор сродкаў на набыццё лекаў у знак падзякі: перад Пасхай у адзін з неапалітанскіх шпіталяў з Ватыкана былі дастаўлены апараты ШВЛ, медыцынскія сродкі, а таксама пасхальныя падарункі.
Хорхэ Марыё Бэргольё нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе. Праз тыдзень, 25 снежня, ён быў ахрышчаны ў сталічнай базыліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.