Пошук

26.12.2018 11:39   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Фота: blagovest-info.ru

Божае Нараджэнне нясе ў сабе ўніверсальнае пасланне: Бог — гэта добры Айцец, а мы ўсе з’яўляемся братамі, адзначыў папа Францішак ва ўрачыстасць Нараджэння Пана 25 снежня падчас традыцыйнага благаслаўлення Urbi et Orbi — «Гораду і свету».

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News.

«Як пастухі, якія першымі прыбеглі да стайні, і мы заміраем у здзіўленні перад знакам, які даў нам Бог: „Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях“ (пар. Лк 2, 12).

У цішыні становімся на калені і аддаем паклон.

Што нам кажа гэтае Немаўля, народжанае для нас Дзевай Марыяй? Якім ёсць універсальнае пасланне Божага Нараджэння? Яно кажа, што Бог — гэта добры Айцец, а мы ўсе з’яўляемся братамі», — сказаў Святы Айцец з балкона катэдры святога Пятра.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што менавіта гэтая праўда ляжыць у аснове хрысціянскага бачання чалавецтва.

«Без братэрства, якое падараваў нам Езус Хрыстус, нашыя намаганні дзеля больш справядлівага свету аказваюцца слабымі, і нават найлепшыя праекты рызыкуюць стаць бяздушнымі структурамі,  — дадаў Пантыфік. —

Таму маё пажаданне светлага Божага Нараджэння — гэта пажаданне братэрства.

Братэрства паміж людзьмі ўсіх нацый і культур. Братэрства паміж асобамі розных поглядаў, здольных, аднак, ставіцца адно да аднаго з павагай і выслухоўваць. Братэрства паміж людзьмі розных веравызнанняў. Езус прыйшоў, каб аб’явіць аблічча Бога ўсім тым, хто Яго шукае».

Святы Айцец звярнуў увагу тысяч рымлянаў і пілігрымаў, сабраных у святочны дзень на плошчы Святога Пятра, а таксама мільёнаў тэлегледачоў ва ўсім свеце, што праз сваё ўцелаўленне Божы Сын паказвае нам, што збаўленне праходзіць праз любоў, гасціннасць, павагу да гэтага нашага беднага чалавецтва, часткай якога мы ўсе з’яўляемся, ва ўсёй разнастайнасці нацыянальнасцей, моў, культур.

«Усе мы браты ў чалавецтве! — сцвердзіў Папа. — Таму нашыя адрозненні з’яўляюцца не шкодай ці небяспекай, а багаццем. Як для мастака, які хоча зрабіць мазаіку: лепш мець у распараджэнні шкельцы мноства колераў, чым толькі некалькіх».

Пантыфік заўважыў, што гэтаму людзей вучыць таксама вопыт сям’і: хоць мы адрозніваемся ад братоў і сясцёр і не заўсёды маем згоду паміж сабою, але пры гэтым нас звязвае непарыўная сувязь, а любоў бацькоў дапамагае любіць адно аднаго. Тое самае, паводле Папы, адносіцца і да чалавечай сям’і, «бацькам» у якой з’яўляецца Бог — аснова і моц чалавечага братэрства.

«Гэтае Божае Нараджэнне дазваляе нам нанава адкрыць братэрскія сувязі, якія нас яднаюць як людзей і звязваюць усе народы», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Развіваючы гэтую тэму, Святы Айцец перадусім зазначыў, што гэта дае магчымасць ізраільцянам і палесцінцам узнавіць дыялог і распачаць шлях міру, які пакладзе канец канфлікту, што больш за семдзесят гадоў мучыць Зямлю, абраную Панам для аб’яўлення свайго аблічча любові. Пра Сірыю ён сказаў, што Дзяцятка Езус дазваляе гэтай краіне адшукаць братэрства пасля доўгіх гадоў вайны.

Гаворачы пра тыя месцы, дзе сёння людзі асабліва пакутуюць ад балючых падзелаў, папа Францішак узгадаў Емен, Афрыку, Карэйскі паўвостраў, Венесуэлу, Нікарагуа і суседнюю з Беларуссю Украіну.

«Няхай Пан, Які нарадзіўся, прынясе суцяшэнне ўлюбёнай Украіне, якая прагне зноў заваяваць трывалы мір, што не спяшаецца наступіць.

Толькі ў міры, які паважае правы кожнай нацыі, краіна можа аднавіцца пасля перанесеных пакут і вярнуць умовы годнага жыцця для сваіх грамадзян. Я блізкі да хрысціянскіх супольнасцяў гэтага рэгіёну і малюся, каб у ім склаліся адносіны братэрства і сяброўства», — сказаў Святы Айцец.

Ён таксама ўзгадаў народы, якія церпяць ад ідэалагічнай, культурнай і эканамічнай каланізацыі, у выніку чаго знішчаецца іх свабода і тоеснасць; якія пакутуюць ад голаду і недахопу адукацыйных і медыцынскіх паслуг.

У заключнай частцы свайго каляднага звароту Пантыфік сказаў:

«Я асабліва думаю пра нашых братоў і сясцёр, якія святкуюць Божае Нараджэнне ў складаных, калі не сказаць варожых, умовах, асабліва там, дзе хрысціянская супольнасць з’яўляецца меншасцю, часам неабароненай і пагарджанай. Няхай Пан дазволіць ім і ўсім меншасцям жыць у міры і бачыць, што іх правы, асабліва рэлігійная свабода, паважаюцца.

Няхай маленькае і азяблае Дзіця, якое мы сузіраем сёння ў стайні, ахоўвае ўсіх дзяцей зямлі і кожную ўразлівую, безабаронную, адкінутую асобу.

Няхай усе мы атрымаем мір і суцяшэнне з нараджэння Збавіцеля і, адчуваючы любоў адзінага Нябеснага Айца, збяромся разам і будзем жыць як браты».

Прамовіўшы гэтае пасланне міру, папа Францішак удзяліў усім вернікам святочнае апостальскае благаслаўленне Urbi et Orbi — «Гораду і свету».

Абноўлена 26.12.2018 15:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця