Па запрашэнні Яго Высокасці шэйха Мухамада бен Зайд Аль Нахаяна, спадчыннага прынца Абу-Дабі, Пантыфік наведае Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з 3 па 5 лютага 2019 года. Пра гэта паведамляе ўкраінская рэдакцыя Vatican News.
Паводле слоў прэс-сакратара Апостальскай Сталіцы Грэга Берка, Святы Айцец прыме ўдзел у міжнароднай міжрэлігійнай сустрэчы на тэму «Чалавечае братэрства». Візіт адбудзецца як адказ на запрашэнне Каталіцкага Касцёла ў ААЭ.
Візіт у Абу-Дабі стане першым выпадкам у гісторыі краіны, калі яе наведае Святы Айцец.
Дэвіз апостальскага візіту Святога Айца — «Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго супакою». Гэта словы, з якіх пачынаецца малітва св. Францішка Асізскага.
На лагатыпе візіту бачны голуб, які трымае аліўкавую галінку. Контуры птушкі жоўтага колеру як алюзія на колеры ватыканскага сцяга, а частка крыла размалявана колерамі сцяга прымаючай краіны. Кампазіцыя сімвалізуе візіт Папы як вестуна свету.