
Мы не можам патрабаваць міру ад магутных гэтага свету, калі самі не пачнём жыць ім у нашых штодзённых адносінах: у сем’ях, дамах, гарадах і на працоўных месцах, — нагадаў Леў XIV.
21 ліпеня ў ватыканскім выдавецтве Libreria Editrice Vaticana выйшаў зборнік выказванняў Льва XIV пра мір. Анталогія пад загалоўкам «Бяззбройны і той, які абяззбройвае. Мір — гэта дар» (Disarmata e disarmante. La pace è un dono) была апублікавана на італьянскай мове і адкрываецца прадмовай Святога Айца.
Мір, паводле Папы, з’яўляецца «першым дарам, які ўваскрослы Хрыстус прынёс сваім вучням і ўсяму свету». Аднак гэты дар не быў дадзены «танным коштам»: пра яго цану сведчаць раны Мукі на праслаўленым целе Езуса.
Пантыфік заўважыў, што мір з’яўляецца вялікім жаданнем чалавечага сэрца, але сёння ён часта аказваецца пад пагрозай, становіцца прадметам пагарды і насмешак, пра што сведчаць шматлікія канфлікты ў розных частках планеты.
«Сёння ўжо 103 дзяржавы ў той ці іншай ступені ўцягнутыя ў войны»,
— напісаў Леў XIV.
У гэтым кантэксце Папа нагадаў, што мір перадусім з’яўляецца адказнасцю кожнага чалавека, пакліканага пераадольваць спакусу адказваць злом на зло. «Святы Аўгустын казаў: «Часы цяжкія, часы суровыя, часы няшчасцяў. Жывіце добра, і сваім добрым жыццём змяняйце часы: змяняйце часы — і вам не будзе на што скардзіцца». Мы не можам патрабаваць міру ад магутных гэтага свету, калі самі не пачнём жыць ім у нашых штодзённых адносінах: у сем’ях, дамах, гарадах, на працоўных месцах. Мір будуецца з маленькіх штодзённых жэстаў: падоранай усмешкі, дараванай абразы, добрага слова», — падкрэсліў Святы Айцец.

Леў XIV адзначыў таксама, што мір патрабуе праўды. «Нават тыя, хто вядзе войны, часта сцвярджаюць, што дзейнічаюць «дзеля міру». Ніхто не мае такога нахабства, каб сказаць, што хоча вайны дзеля самой вайны. Нават наймагутнейшыя людзі на зямлі ведаюць: кожны чалавек прагне справядлівасці і хоча жыць у міры. Асабліва пасля жахлівых наступстваў Хірасімы і Нагасакі вайна ўсё больш выглядае як «авантурa без вяртання», як казаў святы Ян Павел II», — заўважыў Папа.
Асаблівую ўвагу Леў XIV звярнуў на небяспеку ядзернай зброі.
«Асабліва ў ядзерную эпоху павінна прагучаць праўда пра тое, што не ядзерная зброя стварае мір, а раззбраенне»,
— напісаў ён.
Пантыфік адзначыў, што гэтая праўда яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму здавалася відавочнай, калі свет ішоў шляхам скарачэння ядзерных арсеналаў. Аднак сёння яна была зацямненая новай гонкай узбраенняў, якая выклікае страх і трывогу.
Яшчэ адной умовай міру Папа назваў прысутнасць людзей сумлення — тых, хто сваімі рашэннямі спрыяе міру, перамагаючы спакусу карупцыі, дапамагаючы бедным і падтрымліваючы дыпламатыю.
У якасці прыкладу Леў XIV згадаў савецкага афіцэра Станіслава Пятрова. 26 верасня 1983 года, калі ён нёс дзяжурства ў падмаскоўным цэнтры сістэмы папярэджання аб ядзерным нападзе, радыёлакацыйныя сістэмы зафіксавалі запуск некалькіх амерыканскіх балістычных ракет у бок Савецкага Саюза. Насуперак устаноўленым працэдурам Пятроў не перадаў сігнал аб меркаванай атацы, палічыўшы яго памылковым. Ён разумеў, што іншае рашэнне магло б прывесці да гібелі мільёнаў людзей.
«Свет, у якім рашэнне аб бамбардзіроўцы безабаронных людзей прымалі б машыны, нават самыя дасканалыя і хуткія за нас, быў бы сапраўды жахлівым. Ад сумлення аднаго чалавека можа залежаць увесь свет»,
— напісаў Леў XIV.
Напрыканцы сваёй прадмовы Папа падкрэсліў, што мір мае патрэбу ў надзеі, якую Касцёл працягвае несці свету праз пасланне Хрыста, заклікаючы да ўзаемнай любові.
«Да ўсіх, хто сёння рызыкуе паддацца спакусе роспачы перад абліччам шматлікіх войнаў, я звяртаюся са словамі, якія Папа Пій XI калісьці адрасаваў усяму Касцёлу: «Дзякуем Богу за тое, што Ён дазваляе нам жыць у цяжкія часы. Цяпер нікому не дазволена быць пасрэдным». Няхай Бог вядзе нас сцежкамі ненасілля. Няхай вернікі і ўсе людзі добрай волі ніколі не перастаюць быць будаўнікамі міру. Няхай кожны зробіць мір галоўнай справай свайго жыцця», — заклікаў Святы Айцец.





