3 снежня, ва ўспамін святога Францішка Ксавэрыя, вялікага езуіцкага місіянера, убачыла свет кніга-інтэрв’ю з папам Францішкам «Моц паклікання. Кансэкраванае жыццё сёння».
Кніга з’явілася ў выніку больш чым чатырохгадзіннай размовы іспанскага місіянера Фэрнандо Прада з Папам. У цэнтры іх шчырага і адкрытага дыялогу, які заняў 120 старонак, — кансэкраванае жыццё і выклікі, з якімі сутыкаецца Каталіцкі Касцёл сёння.
Фэрнандо Прада, дырэктар іспанскага выдавецтва хрысціянскай літаратуры Publicaciones Claretianas, сустрэўся з Пантыфікам 9 жніўня ў Ватыкане. Суразмоўцы абмяркоўвалі тэму пакліканняў, размаўлялі пра «сціплых законнікаў», якія «ўвасабляюць тэалогію кансэкраванага жыцця, жывучы ім, молячыся аб ім».
Адным з найбольш сур’ёзных ворагаў кансэкраванага жыцця Папа назваў клерыкалізм.
«Гэта, як бачым, корань многіх праблем. Нават за выпадкамі злоўжыванняў, не кажучы пра іншыя формы нясталасці і неўрозаў, стаіць клерыкалізм. Трэба быць вельмі ўважлівымі да гэтага падчас працэсу фармацыі», — перакананы Святы Айцец.
Тры раздзелы, з якіх складаецца кніга — «Глядзець у мінулае з удзячнасцю», «Жыць сёння з заўзятасцю», «Глядзець у будучыню з надзеяй», — закранаюць тэмы абнаўленчага працэсу ў Касцёле, вызначанага падчас Другога Ватыканскага Сабору.
«Мы павінны глядзець у мінулае з удзячнасцю, толькі не так, нібы разглядаем музейны экспанат, але позіркам чалавека, які хоча адшукаць там корань натхнення», — сказаў Святы Айцец.
Нягледзячы на тое, што спіс пытанняў быў высланы Пантыфіку загадзя, ён аддаў перавагу адкрытай, жывой размове, нават на вельмі складаныя тэмы.
Так, рэагуючы на феномен гомасексуалізму, Папа адзначыў, што гэта «вельмі сур’ёзнае пытанне, якое трэба з самага пачатку адпаведным чынам разбіраць з кандыдатамі, калі мае месца такі выпадак».
«Мы павінны быць патрабавальнымі. Такое ўражанне, што ў грамадстве нашых краін гомасексуалізм становіцца моднай з’явай, і такі менталітэт у пэўнай ступені ўплывае ў тым ліку і на жыццё Касцёла», — падкрэсліў Святы Айцец.
Каментуючы рост беднасці ў свеце, папа Францішак перасцярог ад яшчэ адной небяспекі: рызыкі «пэўнай ідэалагізацыі беднасці».
«Бедныя, калі паглядзім, маюць неверагодную здольнасць святкаваць. Яны не губляюць радасці, нават ва ўмовах найбольш моцнай беднасці. Гэта вельмі мяне кранае.
Думаю, што мы павінны перажываць беднасць менавіта так: нязмушана, проста, шчыра турбуючыся пра тых, каму ў жыцці пашанцавала менш», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Разам з арыгінальным іспанамоўным выданнем (La fuerza de la vocación. La vida consagrada hoy) адначасова з’явіліся пераклады кнігі «Моц паклікання. Кансэкраванае жыццё сёння» на дзесяць моваў.