Пошук

31.10.2018 16:54   Vatican News / Catholic.by


Кожнае хрысціянскае пакліканне — сужэнскае, бо з’яўляецца плёнам лучнасці любові з Хрыстом, падкрэсліў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 31 кастрычніка прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб Дэкалогу, Пантыфік заўважыў, што запаведзь «Не чужалож» датычыцца сужэнскай вернасці, але з’яўляецца таксама «бацькоўскім словам Бога, скіраваным да кожнага мужчыны і жанчыны».

«Будзем памятаць, што працэс чалавечага сталення — гэта шлях любові, якая пераходзіць ад атрымання клопату да здольнасці праяўляць клопат, ад атрымання жыцця да здольнасці даваць жыццё. Станавіцца дарослымі людзьм —  значыць дасягаць жыцця сужэнскім і бацькоўскім стаўленнем, якое праяўляецца ў розных жыццёвых сітуацыях як здольнасць браць на сябе цяжар іншага чалавека і любіць яго без двухсэнсоўнасці. Такім чынам, гэта агульная здольнасць асобы, якая ўмее прымаць рэальнасць і ўстанаўліваць глыбокія адносіны з іншымі», — сказаў Папа.

Чужаложнікам, распуснікам і няверным у такім сэнсе з’яўляецца нясталы чалавек, які жыве толькі для сябе і глядзіць на ўсё праз прызму ўласнага дабрабыту і карысці, лічыць Святы Айцец.

«Таму, каб ажаніцца, недастаткова заключыць шлюб! Трэба прайсці шлях ад “я” да “мы”; ад таго, каб думаць у адзіночку, да таго, каб думаць удваіх; ад самастойнага жыцця да жыцця удваіх. Гэта цудоўны шлях», — сказаў Папа.

«Калі ў нас атрымліваецца пераадолець засяроджанасць на сабе, тады кожнае дзеянне становіцца сужэнскім: працуем, размаўляем, прымаем рашэнні, сустракаем іншых з адкрытасцю і ахвярнасцю», — падкрэсліў ён.

«У гэтым сэнсе кожнае хрысціянскае пакліканне з’яўляецца сужэнскім. Мы можам пашырыць перспектыву і сказаць, што кожнае хрысціянскае пакліканне — сужэнскае. Святарства з’яўляецца такім, бо гэта пакліканне да таго, каб у Хрысце і Касцёле служыць супольнасці з усёй любоўю, з канкрэтным клопатам і мудрасцю, якімі адорвае Пан. Касцёлу не патрэбныя людзі, якія прагнуць выконваць ролю святара — няхай яны лепш застаюцца дома, — але патрэбныя людзі, сэрцы якіх Святы Дух пазначыў безумоўнай любоўю да Нявесты Хрыста»,

— сказаў Папа.

«У святарстве трэба любіць Божы народ з усім бацькоўствам, ласкавасцю і сілай мужа і бацькі. Таксама і кансэкраванай чыстасцю ў Хрысце трэба жыць з вернасцю і радасцю, як сужэнскімі і плённымі адносінамі мацярынства і бацькоўства», — дадаў ён.

Па словах Пантыфіка, кожнае пакліканне — сужэнскае, бо з’яўляецца «плёнам лучнасці любові, у якой мы ўсе былі адроджаны, лучнасці любові з Хрыстом». «Адштурхоўваючыся ад Яго вернасці, Яго ласкавасці, Яго шчодрасці, мы з верай глядзім на сужэнства і кожнае пакліканне і разумеем поўны сэнс сексуальнасці», — адзначыў ён.

«Чалавечая істота, у сваёй неад’емнай еднасці духа і цела, а таксама ў сваёй мужчынскай і жаночай супрацьлегласці, з’яўляецца вельмі добрай, прызначанай, каб любіць і быць любімай», — сцвердзіў Святы Айцец.

«Чалавечае цела — гэта не прылада задавальнення, але месца нашага паклікання да любові, а ў сапраўднай любові няма месца для чужаложства і яго павярхоўнасці. Мужчыны і жанчыны заслугоўваюць большага!»

— зазначыў Папа.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік звярнуў увагу, што запаведзь «Не чужалож» скіроўвае да першапачатковага паклікання, якім з’яўляецца поўная і верная сужэнская любоў, якую Езус Хрыстус адкрыў і падарыў людзям.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.