Пошук

17.10.2018 13:29   Vatican News / Catholic.by

Пятая запаведзь «Не забівай» адлюстроўвае пакліканне да любові, заўважыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 17 кастрычніка. Гэтая запаведзь, як адзначыў Пантыфік, дэманструе святасць і недатыкальнасць жыцця.

«Ніхто не можа пагарджаць жыццём іншых ці ўласным. Чалавек носіць у сабе вобраз Бога і з’яўляецца аб’ектам Яго бясконцай любові, незалежна ад стану, у якім быў пакліканы да існавання», — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, Езус напоўніў запаведзь «Не забівай» яшчэ больш глыбокім сэнсам. «Ён сцвярджае, што перад абліччам Божага суду нават гнеў супраць брата — гэта форма забойства. Таму апостал Ян пісаў: “Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца” (1 Ян 3, 15). Але Езус не спыняецца на гэтым і згодна з той жа логікай дадае, што нават абраза і пагарда могуць забіваць», — нагадаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу, што ніводны з чалавечых кодэксаў не асуджаў у той жа ступені настолькі розных учынкаў. Езус кажа, што нават трэба спыніць ахвярапрынашэнне ў святыні, калі ўзгадаеш, што пакрыўдзіў брата, каб адшукаць яго і прымірыцца з ім.

«Што мае на ўвазе Езус, пашыраючы аж да такой ступені сферу дзеяння пятай запаведзі? Чалавек мае высакароднае жыццё, вельмі ўспрымальнае, надзелены вельмі глыбокім “я”, не менш важным за яго фізічную сутнасць. Сапраўды, каб абразіць нявіннасць дзіцяці, дастаткова аднаго недарэчнага выразу. Каб параніць жанчыну, можа хапіць аднаго халоднага жэсту. Каб разбіць сэрца маладога чалавека, дастаткова адмовіць яму ў даверы. Каб знішчыць мужчыну, дастаткова ігнараваць яго»,

— сказаў Папа.

«Абыякавасць забівае. Гэта як сказаць чалавеку: “Ты мёртвы для мяне, бо я забіў цябе ў маім сэрцы”. Нелюбоў — гэта першы крок да забойства, а “не забівай” — першы крок да любові», — дадаў ён.

Пантыфік спаслаўся на словы, якія Каін сказаў Богу ў адказ на пытанне пра месцазнаходжанне Абеля: «Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго?» (Быц 4, 9). «Так кажуць забойцы: “гэта мяне не тычыцца”, “гэта твае праблемы”, і іншыя падобныя рэчы. Паспрабуем адказаць на гэта пытанне: ці з’яўляемся мы вартаўнікамі нашых братоў! Так, мы з’яўляемся імі! Мы вартаўнікі адно аднаго!» — сцвердзіў Святы Айцец.

«Чалавечае жыццё патрабуе любові. А чым з’яўляецца сапраўдная любоў? Гэта любоў, якую нам паказаў Хрыстус, якая з’яўляецца міласэрнасцю. Любоў, без якой не можам абысціся, гэта любоў, якая прабачае, прымае таго, хто зрабіў нам зло», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Ніхто не можа выжыць без міласэрнасці, мы ўсе маем патрэбу ў прабачэнні. Усе. Такім чынам, калі забіваць — значыць знішчаць, прыгнятаць, адчужаць кагосьці, то “не забівай” — значыць атуляць клопатам, цаніць, прымаць. І прабачаць», — адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, ніхто не можа падманваць сябе, жывучы паводле прынцыпу: «Я ў парадку, таму што не раблю нічога дрэннага».

«Мінерал ці расліна (...) маюць такое жыццё, але не чалавек. Ад чалавека патрабуецца больш. Існуе дабро, якое павінна быць зроблена, якое было падрыхтавана для нас, для кожнага сваё, якое робіць нас самімі сабой аж да канца. “Не забівай” — гэта заклік да любові і міласэрнасці, гэта заклік да жыцця паводле Пана Езуса, які даў сваё жыццё за нас і за нас уваскрос»,

— сцвердзіў Пантыфік.

Папа Францішак нагадаў, што праз уцелаўленне Езус асвяціў жыццё чалавека і зрабіў яго недатыкальным. Таму трэба прыняць запаведзь «Не забівай» як самы важны заклік, як пакліканне да любові.

 

Абноўлена 17.10.2018 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.