Увечары 13 кастрычніка папа Францішак наведаў кляштар Mater Ecclesiæ, размешчаны на тэрыторыі Ватыкана, дзе сустрэўся са сваім папярэднікам на пасадзе св. Пятра папам на пенсіі Бэнэдыктам XVI.
Сустрэча адбылася напярэдадні кананізацыі папы Паўла VI і іншых шасці благаслаўлёных. Менавіта Павел VI падчас апошняй праведзенай ім 27 чэрвеня 1977 г. кансісторыі далучыў Мюнхенскага арцыбіскупа Ёзэфа Ратцынгера, будучага папу Бэнэдыкта XVI, да Калегіі кардыналаў.
Папа на пенсіі, якому сёлета споўніўся 91 год, з-за стану здароўя не змог асабіста прысутнічаць на кананізацыі, якая прайшла на плошчы Святога Пятра 14 кастрычніка.