Пошук

15.10.2018 16:02   Vatican News / Catholic.by

Святы Оскар Рамэра стаў дасканалым уцелаўленнем вобразу Добрага Пастыра, які аддае сваё жыццё за авечак, падкрэсліў папа Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з Сальвадора.

Аўдыенцыя прайшла 15 кастрычніка ў ватыканскай зале Паўла VI. Вялікая сальвадорская дэлегацыя прымала ўдзел у кананізацыі свайго знакамітага суайчынніка, якую Папа правёў днём раней.

Пантыфік адзначыў, што арцыбіскуп Рамэра быў пастырам, які бачыў бясконцую міласэрнасць Бога і бясконцую мізэрнасць чалавека. Па яго прыкладзе, падкрэсліў Папа, трэба «выходзіць насустрач бязмежнаму жаданню Бога прабачаць тым, хто каецца», і «адкрываць сэрцы братоў і сясцёр на ласкавасць Божай любові, у тым ліку праз прароцкае асуджэнне зла, што існуе ў свеце».

Паводле слоў Святога Айца, пасланне арцыбіскупа Рамэра адрасавана ўсім без выключэння. Яно кажа, што «кожны католік павінен быць мучанікам», бо мучанік азначае сведка Божага паслання перад людзьмі.

«Бог прагне прысутнічаць у нашым жыцці і заклікае нас абвяшчаць Яго пасланне свабоды ўсяму чалавецтву. Толькі ў Ім мы можам быць свабоднымі: свабоднымі ад граху, ад зла, ад нянавісці ў нашых сэрцах, свабоднымі ў любові і прыняцці Пана і нашах братоў і сясцёр», — заўважыў Пантыфік.

Ён дадаў, што для выканання гэтага нялёгкага задання абавязкова трэба чэрпаць падтрымку з малітвы.

«Мы павінны быць паяднанымі з Богам і знаходзіцца ў еднасці з Касцёлам. Святы Оскар кажа нам, што без Бога і без таямніцы Касцёла гэта немагчыма. Пры адной нагодзе ён казаў пра канфірмацыю як пра “сакрамэнт мучанікаў”»,

— нагадаў Папа.

Святы Айцец прывітаў увесь народ Сальвадора, які захаваў «жывую веру», нягледзячы на пакуты, выкліканыя падзеламі і вайной. «Памяць пра св. Оскара Рамэра — гэта выдатная нагода, каб скіраваць пасланне супакою і прымірэння да ўсіх народаў Лацінскай Амерыкі», — сказаў ён на заканчэнне свайго звароту.

Арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес вядомы як мужны пастыр і абаронца бедных. Ён быў беатыфікаваны ў маі 2015 г. у горадзе Сан-Сальвадор, дзе выконваў сваё пастырскае служэнне і дзе быў забіты з нянавісці да веры падчас святой Імшы, якую цэлебраваў у мясцовым шпіталі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа