Пошук

10.10.2018 13:34   Vaticannews.va / Catholic.by

Хворае і безабароннае жыццё дапамагае нам вызваліцца ад засяроджанасці на сабе і адкрыцца на радасць любові, заўважыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 кастрычніка прайшла ў Ватыкане.

Катэхезу Пантыфік прысвяціў пятай запаведзі — «Не забівай». Яна знаходзіцца ў другой частцы Дэкалога, якая тычыцца адносін з бліжнім, а дзякуючы сваёй лаканічнай і катэгарычнай фармулёўцы, узвышаецца, як мур, што бароніць базавую каштоўнасць чалавечых адносін — каштоўнасць жыцця.

Па словах Папы, усё зло ў свеце сканцэнтравана вакол пагарды да жыцця, што праяўляецца ў войнах, дзейнасці арганізацый, якія эксплуатуюць людзей, спекуляцыях прыродай, культуры адчужэння, ва ўсіх сістэмах, якія глядзяць на чалавечае жыццё праз прызму разліку, калі вялікая колькасць жыхароў планеты жыве ва ўмовах, нягодных чалавека.

«Таксама супярэчлівы падыход дазваляе знішчаць чалавечае жыццё ў матчыным улонні ў імя абароны правоў іншых людзей», — сказаў Святы Айцец

«Але як можа быць тэрапеўтычным, цывілізаваным ці нават проста чалавечым дзеянне, у выніку якога знішчаецца нявіннае і безабароннае жыццё ў самым яго пачатку? Я пытаюся ў вас, ці справядліва забіць жыццё, каб вырашыць нейкую праблему?»

— задаў рытарычнае пытанне ён.

Пантыфік дадаў, што галоўнай прычынай такога стаўлення да жыцця з’яўляецца страх, бо прыняць іншага чалавека — гэта для індывідуалізму рэч праблематычная. Ён нагадаў пра сітуацыю бацькоў, якія даведваюцца, што іх дзіця народзіцца з інваліднасцю. У такіх выпадках патрэбна падтрымка і блізкасць, каб справіцца з рэальнасцю, перамагаючы зразумелыя страхі. Замест гэтага ім хутка раяць перарваць цяжарнасць, пазбавіцца дзіцяці, з горыччу заўважыў Папа.

«Хворае дзіця — гэта як кожны чалавек на зямлі, які знаходзіцца ў патрэбе, як пажылы, якому патрэбны дагляд, як шматлікія бедныя, што з усіх сіл намагаюцца ісці наперад; той, хто здаецца праблемай, на самой справе з’яўляецца Божым дарам, які можа выцягнуць мяне з эгацэнтрызму і дазволіць узрастаць у любові», — падкрэсліў Папа.

«Уразлівае жыццё ўказвае нам выйсце, шлях, каб пазбавіцца ад засяроджанага на сабе існавання і адкрыць радасць любові», — дадаў ён.

Папа Францішак перакананы, што да адмаўлення каштоўнасці чалавечага жыцця падштурхоўваюць ідалы гэтага свету: грошы, улада і поспех, якія, на самой справе, з’яўляюцца «памылковымі параметрамі ацэнкі жыцця». Адзіная сапраўдная мера жыцця — гэта любоў Бога, для якога кожнае жыццё дарагое, падкрэсліў Пантыфік. Ён нагадаў словы з кнігі Мудрасці Саламона пра тое, што Бог — гэта той, «які любіць жыццё». Менавіта ў гэтым заключаны станоўчы сэнс запаведзі «Не забівай».

«Таямніца жыцця была раскрыта нам у тым, як адносіўся да яго Божы Сын, што стаў чалавекам аж да прыняцця на крыжы адмаўлення, слабасці, беднасці і пакут», — сказаў Папа.

«У кожным хворым дзіцяці, у кожным адчайным мігранце, у кожным крохкім жыцці, жыцці, якому пагражаюць, Хрыстус шукае нас, шукае нашага сэрца, каб раскрыць нам радасць любові», — адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што трэба прымаць кожнае жыццё, бо кожны чалавек варты крыві Хрыста. «Нельга пагарджаць тым, што Бог палюбіў!» — дадаў Папа.

«Мы павінны сказаць усім людзям у свеце: не пагарджайце жыццём! Не пагарджайце жыццём іншых і ўласным, бо таксама і яго тычыцца запаведзь “Не забівай”. Вялікай колькасці моладзі трэба сказаць: не пагарджайце сваім жыццём! Перастаньце выракацца Божай справы! Ты — справа Божая! Не недаацэньвай сябе, не пагарджай сабой праз розныя залежнасці, якія ламаюць цябе і вядуць да смерці!» — заклікаў Пантыфік.

Па словах Папы, нельга глядзець на сваё жыццё паводле падманлівых крытэрыяў гэтага свету, трэба прымаць сябе і іншых у імя Айца, які стварыў людзей і паслаў да іх свайго Сына. На заканчэнне катэхезы Пантыфік працытаваў словы з Евангелля паводле Яна: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

Абноўлена 10.10.2018 13:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.