Пошук

05.09.2018 12:51   rublev.com

Ватыканская аптэка анансавала запуск сваёй першай лінейкі парфумерыі, у склад якой увайшлі чатыры водары — «золата», «кадзіла», «мірра» і «ружа містычная».

Пра гэта са спасылкай на ватыканскія СМІ паведамляе rublev.com.

Назвы першых трох водараў пераклікаюцца з евангельскім аповедам пра Нараджэнне Хрыста, якому мудрацы прынеслі золата, кадзіла і мірру (Мц 2, 9-11). Ружа містычная – адно з існуючых у каталіцтве зваротаў да Божай Маці.

Парфуму выпускаюць аптэкары-баніфраты – члены Ордэна гаспіталістаў святога Яна Божага, «браты міласэрнасці». На стварэнне калекцыі іх натхнілі словы з Кнігі Прыпавесцяў Саламона: «Духмянасць і кадзіла радуюць сэрца».

Парфума прадаецца ва ўпакоўцы, якая ўключае чатыры флаконы, на якіх рымскімі лічбамі пазначаны год выпуску — MMXVIII (2018).

Як адзначыў дырэктар Ватыканскай аптэкі Томас Бініш Мулакаль, 2018 год стаў асаблівым для яго ўстановы: ідзе працэс рэформы, якая дазволіць удасканаліць абслугоўванне тысяч наведвальнікаў аптэкі Ватыкана.

Згодна з ідэяй стваральнікаў парфумернай калекцыі, новая парфума заклікана наноў адкрыць для вернікаў ролю водараў у хрысціянскім жыцці.

Пры стварэнні водараў супрацоўнікі аптэкі звярталіся да раслін, якія здаўна выкарыстоўваліся на Святой Зямлі і ў Міжземнамор’і для стварэння пахаў. У склад парфумы ўвайшлі кампаненты алоэ, шафрана, ружы, сандалавага дрэва, карыцы, герані, бергамота і інш.

Ватыканскую аптэку называюць самай загружанай аптэкай у свеце: штодзень яе супрацоўнікі абслугоўваюць ад 2 да 2,5 тысяч кліентаў. Каля палова з іх – жыхары Ватыкана, супрацоўнікі Рымскай курыі і іх сем’і. Другая палова – турысты.

Штат аптэкі складае каля 45 чалавек. Узначальвае аптэку манах з Ордэна баніфратаў. Працуе аптэка з 1874 года.

Да ўласнай вытворчасці аптэкі належаць наступныя тавары: крэм для прадухілення пролежняў, эліксіры з анісу і хініну, шэсць водараў мыла, лавандавая вада, ласьён супраць акнэ і спецыяльны ласьён пасля галення.

Усяго ў аптэцы прадстаўлена каля 42 тысяч найменняў – лекі, сродкі асабістай гігіены і касметыкі з Італіі, Швейцарыі, Францыі, Германіі і ЗША.

Абноўлена 05.09.2018 19:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.