Пошук

11.07.2018 14:45   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

У апошнім нумары часопіса Communio з’явілася эсэ Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI, прысвечанае адносінам хрысціянства да юдаізму, якое раней не публікавалася.

Міжнародны тэалагічны часопіс Communio быў у свой час заснаваны трыма сусветна вядомымі тэолагамі — Ёзафам Ратцынгерам (папам Бэнэдыктам XVI), Гансам Урсам фон Балтазарам і Анры дэ Любакам. Працяглы час гэтае перыядычнае выданне асацыявалася непасрэдна з асобаю Ёзафа Ратцынгера.

Ва ўводзінах да эсэ Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і кіраўнік Камісіі па справах рэлігійных кантактаў з юдаізмам кардынал Курт Кох падкрэслівае, што Бэнэдыкт XVI перадаў яму тэкст эсэ ў якасці асабістых разважанняў, не маючы намеру яго публікацыі. Кардынал Кох адзначыў, што ён сам пераканаў Папу на пенсіі апублікаваць эсэ.

Артыкул з таямнічай назвай «Міласэрнасць і пакліканне без перагляду», якая выклікае асацыяцыі са словамі з Паслання св. Паўла да Рымлянаў, быў напісаны яшчэ ў кастрычніку мінулага года. У ім Ёзаф Ратцынгер звяртаецца да «тэорыі замяшчэння», паводле якой Касцёл заняў месца выбранага народа Старога Запавету.

У сваім эсэ Бэнэдыкт XVI як тэолаг дае глыбокае тлумачэнне дакументу Папскай Камісіі па справах рэлігійных кантактаў з юдаізмам, абнародаваным у 2015 г. пад назваю: «„Бо дары ласкі і пакліканне Божае нязменныя“(Рым 11, 29). Разважанні пра тэалагічныя пытанні, звязаныя з каталіцка-юдэйскімі адносінамі». Дакумент стаў своеасаблівай новай «дарожнай картай» у далейшым дыялогу хрысціянства з юдаізмам праз 50 гадоў пасля публікацыі дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору Nostra Ætate пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій.

Папа на пенсіі даволі крытычна выказваецца на тэму сучасных стандартаў каталіцка-юдэйскага дыялогу і тэалагічных разважанняў аб адносінах паміж юдаізмам і хрысціянствам.

Ён падкрэслівае, што ідэя таго, быццам бы Касцёл заняў месца Ізраэля, ніколі як такая ў хрысціянстве не існавала. Бэнэдыкт XVI дадае, што юдаізм не з’яўляецца толькі адной з рэлігій, але мае асаблівы характар і як такі павінен быць прызнаны Касцёлам.

Гаворачы пра «ніколі не парушаны Запавет» паміж Богам і юдэямі, Бэнэдыкт XVI заўважае, што гэтая формула была вялікай дапамогай на першым этапе новага дыялогу паміж юдэямі і хрысціянамі, але цяпер з’яўляецца недастатковай, каб адэкватна перадаць памер гэтай складанай рэчаіснасці.

Абноўлена 16.07.2018 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.