Пошук

13.04.2021 17:02   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: PAP / EPA

13 красавіка 1986 года, роўна 35 гадоў таму, Папа Ян Павел ІІ наведаў Вялікую сінагогу ў Рыме.

Пра той візіт, падчас якога біскуп Рыма ўпершыню ўвайшоў у сінагогу, распавядае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ. Тады ў сваёй прамове Святы Айцец сказаў знамянальныя словы пра тое, што юдэі з’яўляюцца «старэйшымі і ўзлюбленымі братамі хрысціянаў». Рымская юдэйская супольнасць налічвае ўжо больш за дзве тысячы гадоў і з’яўляецца найстарэйшай на Захадзе. Яна аб’ядноўвае каля 20 тысяч вернікаў і такім чынам можа лічыцца самай вялікай у Італіі.

Адкрытая ў Рыме ў 1904 годзе Вялікая сінагога з яе характэрным чатырохвугольным купалам знаходзіцца на адлегласці каля двух кіламетраў ад базылікі святога Пятра.

Каментуючы візіт Папы, некаторыя тады з доляй іроніі казалі, што для таго, каб пераадолець гэтыя дзве тысячы метраў, папству спатрэбілася дзве тысячы гадоў.

Але і ў той час супраць візіту катэгарычна выступалі члены брацтва святога Пія Х, заклікаючы Святога Айца: «Папа, устрымайся, не ідзі да Каяфы».

Непасрэдна перад візітам тагачасны галоўны рабін Рыма Эліо Тааф нагадаў, што ў яго, як і ў папы, ёсць свае «лефеўрысты». «Гэта людзі, якія ацэньваюць справы з палітычнага пункту гледжання або кіруюцца эмоцыямі», — патлумачыў ён.

Рабін Тааф прывітаў Папу перад галоўнай брамай сінагогоі, пасля чаго яны абодва разам з суправаджаючымі асобамі ўвайшлі ўсярэдзіну.

У прывітальным слове кіраўнік рымскай юдэйскай супольнасці падкрэсліў, што юдэі жадаюць разам з хрысціянамі казаць пра неабходнасць з павагай адносіцца да іншых людзей і супрацьстаяць любым праявам расізму і антысемітызму.

Прамова, з якой у адказ звярнуўся святы Ян Павел ІІ, увайшла ў гісторыю пад назваю «Адшуканае братэрства». Нагадаўшы вучэнне Касцёла на тэму адносін католікаў да юдэяў і юдаізму, пададзенае ў дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору Nostra ætate, Пантыфік адзначыў, што Касцёл «аплаквае акты нянавісці, пераследу, праявы антысемітызму, якія калі-небудзь і кім-небудзь былі скіраваныя супраць юдэяў», з націскам паўтарыўшы «кім-небудзь».

Менавіта тады прагучалі памятныя словы, якія найбольш разышліся па свеце: «Адносіны да яго [юдаізму] — іншыя, чым да любой іншай рэлігіі.

Вы — нашыя ўзлюбленыя і, можна сказаць, нашыя старэйшыя браты», — сцвердзіў святы Ян Павел ІІ.

Пастыр паўсюднага Касцёла асудзіў усе варожыя напады на габрэяў і падкрэсліў, што нельга ўскладаць на ўвесь народ спадчынную віну за смерць Езуса. Разам з тым Папа адзначыў, што яго візіт не азначае пераадолення розніцы ў поглядах, паколькі ва ўзаемных кантактах хрысціяне і юдэі знаходзяцца толькі на пачатку дарогі. На заканчэнне таго гістарычнага візіту Святы Айцец і галоўны рабін абмяняліся пацалункам міру.

Па прыкладу святога Яна Паўла ІІ таксама яго наступнікі на пасадзе святога Пятра наведалі рымскую сінагогу. Папа Бэнэдыкт XVI зрабіў гэта 17 студзеня 2010 года, а Папа Францішак — 17 студзеня 2016 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.