Пошук

05.07.2018 21:44   Паводле: Vatican News / Catholic.by

5 ліпеня прэс-служба Святога Пасаду абнародавала афіцыйную праграму Апостальскага падарожжа папы Францішка ў краіны Балтыі.

Візіт Святога Айца ў Літву, Латвію і Эстонію запланаваны на 22–25 верасня 2018 г.

22–23 верасня — Літва

22 верасня самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia каля 11.30 даставіць Святога Айца ў Вільню. Пасля ўрачыстай цырымоніі прывітання Папа кіруеццца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком літоўскай дзяржавы, прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.

У другой палове дня папа Францішак наведае віленскі санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, дзе памоліцца перад цудатворным абразом Маці Міласэрнасці, пасля чаго сустрэнецца з моладдзю на плошчы перад віленскай катэдрай, дзе захоўваюцца рэліквіі св. Казіміра — апекуна моладзі.

Раніцай 23 верасня Папа скіруецца ў Каўнас, дзе ў мясцовым парку Santakos узначаліць нядзельную св. Імшу, якая завяршыцца супольнай малітвай «Анёл Панскі».

На другую палову дня запланавана сустрэча Пантыфіка з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў катэдральным касцёле Каўнаса.

Пасля сустрэчы Святы Айцец вернецца ў Вільню, дзе завяршыць афіцыйную праграму літоўскага этапу падарожжа наведваннем Музея акупацыі і барацьбы за свабоду і кароткай малітвай за ўсіх ахвяраў вайны.

Плануецца, што ў сустрэчах са Святым Айцом у Літве возьмуць удзел таксама вернікі з Беларусі.

24 верасня — Латвія

24 верасня Святы Айцец вылеціць у Латвію. Каля паловы дзявятай раніцы самалёт з Пантыфікам прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Рыгі.

Пасля цырымоніі прывітання папа Францішак скіруецца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латвійскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу.

Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды — манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.

Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу папы Францішка ў рыжскім Домскім катэдральным саборы, а пасля яе — візіт Святога Айца ў каталіцкі катэдральны касцёл св. Якуба.

Пасля абеду Пантыфік на верталёце скіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць гамілію да вернікаў.

Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце — у Вільню.

25 верасня — Эстонія

25 верасня каля 10.00 папа Францішак прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу ў Прэзідэнцкім палацы.

Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай кірхе св. Караля і сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле св. Пятра і Паўла.

Затым Святы Айцец узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і накіруецца ў аэрапорт, адкуль каля сёмай гадзіны вечара вылеціць у Рым.

Плануецца, што каля 21.20 самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце Ciampino.

Візіт у балтыйскія краіны стане для папы Францішка ўжо 24-м падарожжам за межы Італіі.

Абноўлена 06.07.2018 12:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.