Пошук

25.06.2018 16:51   vaticannews.va

Роля жанчын у Касцёле, ватыканскія рэформы, дыялог з Кітаем — некаторыя тэмы з вялікага інтэрв’ю, якое Папа Рымскі даў інфармацыйнаму агенцтву Reuters. Гутарку вёў журналіст Філіп Пулела.

Жанчына і яе служэнне ў касцёльных структурах

Адно з пытанняў, якое ўздымалася падчас інтэрв’ю, датычылася ролі жанчын у Касцёле і таго, каб яны займалі адказныя пасады ў Рымскай курыі.

«Я згодны, што іх павінна быць больш», — прызнаўся Папа і распавёў, што прызначэнне жанчыны віцэ-кіраўніком прэс-службы Апостальскай Сталіцы каштавала яму немалых высілкаў.

«Сярод кандыдатаў на пасаду прэфекта Сакратарыята па камунікацыі таксама была жанчына, але яна не пагадзілася па прычыне іншых абавязкаў», — сказаў Пантыфік і дадаў, што ў прыняцці падобных рашэнняў неабходна кіравацца крытэрыем якасці.

фота: The Tablet

Святы Айцец перакананы, што ўклад жанчын, з іх выключным бачаннем рэчаў і жыцця, з’яўляецца фундаментальным, незалежна ад таго, ці яны свецкія, ці кансэкраваныя асобы.

«Жанчыны лепш умеюць вырашаць канфлікты. У гэтых справах яны больш здатныя. Думаю, што так было б і ў Курыі, хоць нехта сцвярджае, што было б больш плётак. Я не пагаджуся, бо і сярод мужчын ёсць пляткары», — сказаў Папа Рымскі.

Пантыфік падкрэсліў, што рашуча выключае магчымасць жаночага святарства.

«Ян Павел ІІ быў выразным у гэтым пытанні. Ён зачыніў дзверы, і я не маю намеру вяртацца да гэтага», — дадаў Папа Францішак.

Пра тэму сексуальных злоўжыванняў

Каментуючы сітуацыю з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле ў Чылі, Святы Айцец не хаваў свайго болю.

«Мне не падабаецца казаць пра гэта зараз, але я павінен сказаць. Возьмем статыстыку. Большасць злоўжыванняў здзяйсняецца ў сямейным асяроддзі, у гарадскіх кварталах, школах, спортзалах...

І ў Касцёле хтосьці можа сказаць, што такіх святароў няшмат, але нават калі б быў адзін, гэта ўжо трагедыя, бо абавязак гэтага святара — прывесці чалавека да Бога, а ён знішчыў шлях, які вядзе да Бога», — заўважыў Папа.

Святы Айцец з жалем прызнаў, што раней у Касцёле не было глыбокага ўсведамлення праблемы і адбываліся перамяшчэнні вінаватых з аднаго месца ў іншае.

Пантыфік адзначыў, што адпаведны ўрок атрымаў і Ян Павел ІІ у сувязі з сітуацыяй у ЗША, і Бэнэдыкт XVI у сувязі з сітуацыяй у Ірландыі.

Папу Францішку выпаў крызіс у Касцёле ў Чылі, дзе ён не выключае, што задаволіць чарговыя просьбы аб адстаўцы, скіраваныя мясцовымі біскупамі.

Апостальская Сталіца і Кітай

Яшчэ адно пытанне датычылася сітуацыі збліжэння Апостальскай Сталіцы і Кітая. Святы Айцец заўважыў, што з аптымізмам глядзіць у гэтым кірунку, падкрэсліўшы, што кітайцам, мудраму народу з багатай культурай, уласціва цнота цярплівасці.

«Мы знаходзімся на добрай дарозе, але адносіны з Кітаем развіваюцца трыма шляхамі, — сказаў Папа Францішак. — Першы — гэта шлях афіцыйных адносін, які прадугледжвае абмен адпаведнымі дэлегацыямі, што праводзяць сумесныя пасяджэнні».

Другі шлях Пантыфік ахарактарызаваў як дыялог «усіх з усімі», які вядзецца праз адкрытыя (але перыферыйныя) каналы і міжчалавечыя стасункі.

«Трэці і найважнейшы для мяне — гэта шлях культуры. Ёсць святары, якія працуюць у кітайскіх універсітэтах. Адбываецца культурны абмен, напрыклад, выставы, якія былі арганізаваны ў Ватыкане і Кітаі. Гэта традыцыйны шлях, падобны да шляху вялікіх асобаў, такіх, як Матэа Рычы», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што дыялог заўсёды прадугледжвае пэўныя рызыкі, але ён аддае перавагу рызыцы, чым гарантаванай паразе, якой з’яўляецца адсутнасць дыялогу.

Міграцыя і пазіцыя Касцёла

Гаворачы аб феномене міграцыі, Святы Айцец падкрэсліў, што «папулізм не з’яўляецца рашэннем праблемы». Ён звярнуў увагу на сітуацыю «вялікай дэмаграфічнай зімы» ў Еўропе, калі вялікая колькасць людзей прыбывае, просячы аб дапамозе.

фота: Catholic Herald

На думку Папы, акрамя прыняцця бежанцаў, неабходна інвеставаць у бедныя краіны, асабліва ў Афрыку, ствараючы працоўныя месцы, каб у корані прадухіліць масавую міграцыю.

«Але стварэнне псіхозу ніколі не будзе лекамі» для пераадолення міграцыйнага крызісу.

«Папулізм нічога не вырашае! Вырашае гасціннасць, даследванні, упарадкаванне і разважлівасць», — сказаў Папа, дадаючы, што кожная дзяржава павінна спрыяць вырашэнню праблемы ў сілу сваіх магчымасцяў.

«Будучыня Касцёла — на вуліцы»

Папа Францішак выказаў задавальненне ходам рэфармавання Рымскай курыі, якая пастаянна знаходзіцца пад пагрозай з боку розных «хваробаў», ад якіх трэба навучыцца бараніцца.

У той жа час ён прызнаўся ў сваёй удзячнасці шматлікім «курыяльным святым» за іх працу.

Апошняе пытанне тычылася перспектыў Касцёла.

«Будучыня Касцёла — на вуліцы, у дарозе. Вядома, што таксама ў адарацыі, малітве, у святынях, але трэба выходзіць, бо мы часта трымаем Хрыста зачыненым. Касцёл, які выходзіць вонкі, можа трапіць у здарэнне, але закрыты Касцёл пачынае хварэць. Выходзіць са сваім пасланнем — вось будучыня», — перакананы Папа.

Абноўлена 26.06.2018 18:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.