7 снежня ў Ватыкане Папа Францішак правёў публічны кансісторый, на якім адзнакі кардынальскай годнасці з рук Святога Айца атрымаў 21 новы кардынал.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у прамоўленай на кансісторыі гаміліі Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак пра ўзыходжанне Езуса ў Ерузалем. Ён падкрэсліў, што гэта «не быў узыход да славы гэтага свету», але «да Божай хвалы, якая прадугледжвае сыходжанне ў адхлань смерці».
«У Святым горадзе, насамрэч, Езус памрэ на крыжы, каб вярнуць нам жыццё. Аднак Якуб і Ян, якія ўяўлялі іншы лёс для свайго Настаўніка, звяртаюцца да Яго і просяць аб двух ганаровых месцах: „Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч ад Цябе ў славе Тваёй“ (Мк 10, 37)», — нагадаў Пантыфік.
«Евангелле падкрэслівае гэты драматычны кантраст: у той час, як Езус ідзе па цяжкай дарозе ўгору, якая прывядзе Яго на Кальварыю, вучні думаюць пра роўны, пакаты шлях пераможнага Месіі», — заўважыў Святы Айцец.
Папа Францішак падкрэсліў, што «гэта можа адбыцца і з намі», калі «наша сэрца збіваецца з дарогі, дазваляючы асляпіць сябе спакусай прэстыжу, спакусай улады, занадта чалавечым энтузіязмам у адносінах да нашага Пана». «Вось чаму так важна зазірнуць унутр сябе, пакорна стаць перад Богам і сумленна перад сабой, каб спытацца ў сябе: куды імкнецца маё сэрца? У якім кірунку яно рухаецца? Ці не іду я не туды?» — прапанаваў задумацца Пантыфік.
«Вярнуцца да сэрца, каб зноў стаць на той самы шлях, што і Езус — вось што нам патрэбна. І сёння, асабліва вам, дарагія браты, якія прымаеце кардынальскую годнасць, я хацеў бы сказаць: клапаціцеся пра тое, каб ісці шляхам Езуса», — заклікаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец патлумачыў, што ісці шляхам Езуса азначае ў першую чаргу вярнуцца да Яго і паставіць Яго ў цэнтр усяго, бо ў «духоўным і душпастырскім жыцці мы часам рызыкуем засяродзіцца на другасным, забываючыся пра самае важнае».
«Занадта часта другасныя рэчы займаюць месца неабходных; вонкавае пераважае над тым, што сапраўды істотнае.
Мы занураемся ў дзейнасць, якую лічым тэрміновай, не дасягаючы сэрца. Замест гэтага нам заўсёды трэба вяртацца да цэнтра, аднаўляць падмурак, ачышчацца ад лішняга, каб апрануцца ў Хрыста», — сказаў Папа Францішак, заклікаўшы кардыналаў зрабіць Езуса сваім «фундаментам і гравітацыйным цэнтрам» служэння.
Ісці шляхам Езуса, паводле Святога Айца, значыць таксама развіваць любоў да сустрэч. Ён нагадаў, што Хрыстус не абстрагаваўся ад трагічных здарэнняў і пакут свету, а прыйшоў менавіта для таго, каб залячыць раны чалавека і аблегчыць цяжар яго сэрца, адсунуць камяні граху і разарваць путы няволі.
«Пан сустракае абліччы, пазначаныя пакутамі, становіцца блізкім для тых, хто страціў надзею, уздымае ўпаўшых, аздараўляе хворых», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы новых кардыналаў наследаваць гэты прыклад.
Папа падкрэсліў, што ісці шляхам Езуса значыць таксама быць будаўнікамі адзінства і еднасці, бо Езус знішчыў мур варожасці, каб усе маглі адкрыць сябе як дзеці адзінага Айца і браты паміж сабой.
«Звяртаючы свой позірк на вас, якія паходзіце з розных гісторый і культур, якія прадстаўляеце каталіцкасць Касцёла, Пан заклікае вас быць сведкамі братэрства, рамеснікамі адносін і будаўнікамі адзінства», — дадаў Папа Францішак.