Пошук


Постаць св. Яна ХХІІІ, місійнае пакліканне хрысціян і роля Касцёла ў спрыянні міру былі тэмамі інтэрв’ю, якое папа Францішак даў журналістам італьянскага выдання «L’Eco di Bergamo».

Хрысціянства — гэта, па словах Пантыфіка, «не ідэал, да якога трэба імкнуцца, не філасофія, якой трэба прытрымлівацца, не этыка, якой трэба кіравацца», а «сустрэча з Езусам Хрыстом, які дазваляе распазнаць сваю прысутнасць у целе братоў і сясцёр».

Інтэрв’ю было прымеркавана да пачатку перэгрынацыі рэліквій св. Яна XXIII па яго роднай дыяцэзіі Бергама. Раніцай 4 мая шкляны саркафаг з целам Пантыфіка пакінуў базыліку св. Пятра. Ён будзе знаходзіцца на поўначы Італіі да 10 чэрвеня.

Як адзначыў папа Францішак, Ян ХХІІІ быў чалавекам, які «не ведаў слова “вораг”», які заўсёды «шукаў таго, што аб’ядноўвае», усведамляючы, што «Касцёл пакліканы служыць усім людзям, а не толькі католікам; бараніць, у першую чаргу і ўсюды, правы кожнага чалавека, а не толькі Каталіцкага Касцёла».

Перэгрынацыю Папа назваў сапраўдным дарам для вернікаў дыяцэзіі Бергама, асабліва для тых, якія ніколі не мелі магчымасці быць у Ватыкане, а таксама для пажылых асобаў, бедных і хворых. Менавіта да гэтых людзей заўсёды быў блізкі Ян ХХІІІ, падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што, згодна са сваёй місійнай прыродай, Касцёл павінен выходзіць насустрач людзям, каб сведчыць аб прывабнасці Евангелля. Гэта дазваляе яму «не захварэць на самадастатковасць». Таксама гаворка не можа ісці пра распаўсюджванне «рэлігійнай ідэалогіі» ці «высокай этыкі», прапанаванне «халоднай ісціны».

Місія па евангелізацыі, як заўважыў Папа, рэалізуецца праз сведчанне. У такім выпадку сам Езус працягвае евангелізаваць, «становячыся нашым сучаснікам». Усе хрысціяне пакліканы выходзіць насустрач людзям, дасягаючы перыферыі, з іх беднасцю, пакутамі, неадукаванасцю і грахом.

Спасылаючыся на 55-годдзе энцыклікі Яна ХХІІІ «Pacem in terris» («Мір на зямлі»), Папа падкрэсліў, што яе актуальнасць толькі ўзрасла: сёння вядзецца больш войнаў, чым у эпоху, калі пісаўся гэты дакумент. Сёння выкарыстоўваецца не толькі зброя, але і розныя «механізмы прыгнёту», эксплуатацыя людзей і навакольнага асяроддзя.

У кантэксце гэтых выклікаў, на думку Святога Айца, «сапраўдным заданнем Касцёла з’яўляецца не змена ўрадаў, але ўвядзенне логікі Евангелля ў думкі і ўчынкі кіраўнікоў дзяржаў». Мір — гэта не толькі адсутнасць вайны, але «інтэгральнае развіццё людзей і народаў», а справядлівасць і салідарнасць павінны быць не толькі на словах, але і ў канкрэтных дзеяннях.

Гаворачы пра перамены, Пантыфік пакладае вялікую надзею на моладзь. У ёй маюць патрэбу як грамадства, так і Касцёл, падкрэсліў ён. Папа звярнуў асаблівую ўвагу на праблему беспрацоўя сярод маладых людзей, якую назваў «сацыяльным грахом» грамадства, а таксама на важнасць пашырэння адукацыі, неабходнай для клопату аб навакольным асяроддзі і перамогі над тэрарызмам.

Абноўлена 24.05.2018 16:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа