Пошук

07.05.2018 12:43   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© Vatican Media

У шостую Велікодную нядзелю 6 мая перад традыцыйнай малітвай «Уладарка неба» папа Францішак разважаў над Хрыстовым наказам заставацца ў любові, заклікаўшы любіць іншых людзей не на словах, а на справе.

«У гэты велікодны час Божае Слова далей паказвае нам, як трэба жыць для таго, каб быць супольнасцю Уваскрослага», — распачаў сваё настаўленне Святы Айцец.

Гаворачы пра наказ Езуса: «Заставайцеся ў Маёй любові» (пар. Ян 15, 9), пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што жыць у патоку Божай любові, назаўсёды ў ёй пасяліцца — гэта ўмова таго, каб нашая любоў па дарозе не страціла палымянасці і адвагі.

«Таксама і мы <…> павінны з удзячнасцю прымаць любоў, якая паходзіць ад Айца, і заставацца ў гэтай любові, імкнучыся не змарнаваць яе эгаізмам і грахом. Гэта — патрабавальная, але рэальная праграма», — падкрэсліў Папа.

Ён звярнуў увагу на тое, што любоў Хрыста — гэта не павярхоўнае пачуццё; а адносіны сэрца, якія праяўляюцца ў тым, каб жыць так, як Ён хоча. «Любоў рэалізуецца ў штодзённым жыцці, у адносінах, у справах; у адваротным выпадку — гэта штосьці ілюзорнае. Словы, словы, словы: гэта не любоў. Любоў — канкрэтная, кожны дзень. Езус патрабуе ад нас захоўваць Ягоныя запаведзі, якія заключаюцца вось у чым: „Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас“ (пар. Ян 15, 12)».

Заданне хрысціяніна, як адзначыў Святы Айцец, — дзяліцца з іншымі любоўю, якою адорвае нас уваскрослы Пан.

«Езус неаднаразова паказваў, хто той іншы, якога трэба любіць не словамі, а ўчынкамі. Гэта той, каго я сустракаю на маім шляху; той, хто звяртаецца да мяне, са сваім абліччам і са сваёй гісторыяй; гэта той, хто самою сваёю прысутнасцю падштурхоўвае мяне выйсці па-за ўласныя інтарэсы, са сваёй схованкі; гэта той, хто чакае ад мяне гатоўнасці яго выслухаць і прайсці з ім кавалак шляху разам. Адкрытасць для кожнага брата і сястры, кім бы яны ні былі і ў якім бы становішчы ні знаходзіліся, пачынаючы з маіх бліжніх у сям’і, у калектыве, на працы, на вучобе… Такім чынам, калі я застаюся ў адзінстве з Езусам, Ягоная любоў можа дасягнуць іншага чалавека і прыцягнуць яго да Хрыста, да сяброўства з Ім», — сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што любоў да іншых не можа быць абмежавана толькі выключнымі момантамі, а павінна стаць пастаяннай праявай існавання хрысціяніна.

«Вось чаму мы пакліканы, напрыклад, аберагаць старэйшых, як каштоўны скарб і з любоўю, нават калі гэта стварае эканамічныя праблемы і нязручнасці, але мы павінны аберагаць іх. Вось чаму хворым, нават на тэрмінальнай стадыі, мы павінны даць усю магчымую дапамогу. Вось чаму ненароджаных заўсёды неабходна прымаць; вось чаму, у рэшце рэшт, жыццё заўсёды неабходна абараняць і любіць ад зачацця да яго натуральнага завяршэння. І гэта — любоў», — канкрэтызаваў папа Францішак, адзначыўшы пры гэтым, што мы вучымся любіць адзін аднаго так, як Езус нас любіць, у Эўхарыстыі, якая фармуе ў нас Сэрца Хрыста такім чынам, каб усё нашае жыццё накіроўвалі Яго велікадушныя адносіны.

Пасля малітвы «Уладарка неба» Святы Айцец нагадаў, што напярэдадні ў Ахене (Германія) была абвешчана благаслаўлёнай Клара Фэй, заснавальніца супольнасці Сясцёр Беднага Дзіцяткі Езуса, якая жыла ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя, і заклікаў падзякаваць Богу за гэтую руплівую сведку Евангелля, клапатлівую выхавацельніцу занядбанай моладзі.

Другі заклік Святога Айца быў да малітвы за народ Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, краіны, дзе ў апошнія дні здарыліся жорсткія акты насілля са шматлікімі загінулымі і параненымі, сярод якіх адзін святар.

«Няхай Пан Бог праз заступніцтва Панны Марыі дапаможа ўсім сказаць „не“ насіллю і помсце, каб разам будаваць мір», — сказаў Пантыфік.

Прывітаўшы ўсіх прысутных, папа Францішак асабліва звярнуўся да новых швейцарскіх гвардзейцаў, да прадстаўнікоў аб’яднання Meter, якія займаюцца дзейнасцю на карысць дзяцей, ахвяраў насілля, а таксама да ўдзельнікаў неакатэхуменату, падзякаваўшы ім за ўдзел у справе евангелізацыі.

Абноўлена 07.05.2018 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця