Галоўнаю тэмаю свежага нумару часопіса «Ave Maria» (№ 3 (348) 2024), які выйшаў падчас Вялікага посту, стала любоў, што з’яўляецца сутнасцю самога Бога.
Кароткі агляд матэрыялаў сакавіцкага нумара падаецца на сайце папулярнага каталіцкага выдання ave-maria.by.
«Бог ёсць любоў, хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16). Так проста і так ёмка Евангеліст вызначыў адну з найвялікшых таямніцаў, якая ўпісаная ў нашыя сэрцы і якую мы ўсё жыццё імкнемся пазнаць.
У перыяд Вялікага посту, калі Касцёл заклікае нас зазірнуць углыб сваёй душы, каб выкараніць з яе ўсё, што аддаляе нас ад праўдзівай любові, рэдакцыя вырашыла прысвяціць гэтай таямніцы цэлы нумар часопіса «Ave Maria».
Тэма любові актуальная заўсёды, а сёлета асаблівым чынам яшчэ і таму, што Вялікі пост у гэтым годзе распачаўся ў Касцёле 14 лютага, у дзень успаміну святога Валянціна, які традыцыйна лічыцца апекуном закаханых.
Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Уваскрасіць памерлую любоў» разважае над сутнасцю граху і навяртання, раскрываючы гэтыя паняцці як паміранне сапраўднай любові і яе ўваскрашэнне. Пра перамогу любові над злом як найважнейшую мэту Божага плану збаўлення распавядае ксёндз Андрэй Рылка ў публікацыі «Што такое актава Пасхі і чаму яна такая важная?».
Любоў ва ўсіх яе праявах вельмі часта становіцца асноўнаю тэмаю ў сведчаннях містыкаў, у аб’яўленнях Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі, што перажывалі святыя ў розныя гістарычныя часы. Таму невыпадкова ў гэтым нумары часопіса некалькі старонак прысвечана найбольш цікавым вытрымкам пра любоў з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай («Сутнасць любові — гэта ахвяра», падрыхтавала Крыстына Лялько) і з кнігі «Сведчанне» Аліцыі Лянчэўскай («Любоў — гэта неба…», падрыхтавала Галіна Калевіч).
Нават калі мы цудоўна ведаем запаведзі любові, у штодзённым жыцці практыкаваць іх бывае вельмі няпроста, як сведчаць Іна Амельчанка ў артыкуле «Запаведзі любові», Ганна Шаўчэнка ў разважанні «Як дзіця вучыць мяне любові» і Паліна Грыб у матэрыяле «Каханне — не змаганне, а распазнанне прыгажосці Божага плану».
Іна Бігель прапануе чытачам гісторыю пра ахвярную, цярплівую і глыбокую любоў у сям’і, на долю якой выпала нямала жыццёвых выпрабаванняў («Любоў, вера і мужнасць у служэнні»).
Гэтыя і іншыя цікавыя матэрыялы, вершы, рэпартажы, агляды і духоўныя разважанні чакаюць чытачоў на старонках сакавіцкага нумара «Ave Maria», а на апошняй старонцы вокладкі публікуюцца «Малітвы любові».