Пошук

03.05.2018 17:49   Паводле: Дэбара Даніні – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Анджэло Вінчэнцо Дзані

3 мая ў Ватыкане была абнародавана Інструкцыя Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі «Вывучэнне кананічнага права ў святле рэформы сужэнскага працэсу». У інтэрв’ю, дадзеным ватыканскім журналістам сакратаром кангрэгацыі арцыбіскупам Анджэло Вінчэнцо Дзані, ён гаворыць пра неабходнасць падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў у партыкулярных Касцёлах, што дазволіць правесці рэформу, распачатую ў гэтай сферы папам Францішкам.

У святле новаўвядзенняў у выніку рэфармавання кананічных працэсаў адносна сцвярджэння несапраўднасці сужэнства, акрэсленых папам Францішкам у двух дакументах у форме Motu Proprio, першы з якіх называецца Mitis Iudex Dominus Iesus (Ціхі Суддзя Пан Езус) і Mitis et misericors Iesus (Ціхі і міласэрны Езус), у партыкулярных Касцёлах неабходна паклапаціцца пра пашырэнне магчымасцяў для адпаведнай фармацыі. З гэтай мэтай Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі выдала інструкцыю, і касцёльныя навучальныя ўстановы пачынаючы з 2019–2020 навучальнага года павінны будуць прывесці свае праграмы ў адпаведнасць з гэтым новым нарматыўным дакументам Святога Пасаду.

«Да акрэслення новых нормаў падрыхтоўкі супрацоўнікаў касцёльных судоў і іншых асобаў, якія займаюцца сужэнскім і сямейным душпастырствам, Кангрэгацыю Каталіцкай Адукацыі падштурхнула з’яўленне паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка Amoris lætitia, у якой, між іншым, ідзе гаворка пра неабходнасць зрабіць больш даступнай і хуткай працэдуру прызнання несапраўднасці сужэнства», — гаворыць арцыбіскуп Дзані, сакратар згаданай ватыканскай кангрэгацыі.

Адзначыўшы, што часта падобныя справы «зацягваюцца», арцыбіскуп Дзані падкрэсліў, што «для выканання гэтага патрабавання, на якім асабліва настойвалі Айцы Сіноду, Папа абнародаваў дакумент Mitis Iudex Dominus Iesus (Ціхі Суддзя Пан Езус), у якім даў канкрэтныя ўказанні адносна неабходнасці больш непасрэдна падключаць да гэтага біскупа ў ягоным Касцёле, у чые абавязкі ўваходзіць таксама быць суддзёю паміж даручанымі яму вернікамі, просячы такім чынам партыкулярныя Касцёлы ў большай меры прымаць на сябе адказнасць за ўвядзенне ў практыку гэтых справаў па хадайніцтве аб несапраўднасці сужэнства». Гэтае ўказанне, такім чынам, «паставіла партыкулярныя Касцёлы перад тэрміновай неабходнасцю мець адпаведна падрыхтаваны персанал», — сказаў сакратар кангрэгацыі, зазначыўшы пры гэтым, што сёння магчымасцяў усіх факультэтаў кананічнага права ў свеце недастаткова для таго, каб задаволіць гэтую патрэбу.

Пасля абмеркавання пытання са Святым Айцом было вырашана пашырыць магчымасці факультэтаў кананічнага права, якіх, не лічачы асобных аддзяленняў, у свеце існуе 42. Перадусім гаворка ідзе пра аналіз актуальнага стану і іх далейшае ўдасканаленне і большае ўзаемадзеянне. Акрамя таго, паколькі немагчыма павялічыць колькасць факультэтаў кананічнага права ў сувязі з высокімі патрабаваннямі для іх адкрыцця, якія датычацца колькасці выкладчыкаў адпаведнага ўроўню, навукова-даследчыцкай дзейнасці, памяшканняў, структуры, даецца магчымасць пры існуючых сёння факультэтах тэалогіі або юрыдычных факультэтах адчыняць кафедры кананічнага права.

Такім чынам, для падрыхтоўкі неабходнага персанала з адпаведнай кваліфікацыяй прапануецца тры магчымасці: пашырэнне факультэтаў кананічнага права, стварэнне кафедраў кананічнага права пры тэалагічных факультэтах, а таксама пры юрыдычных факультэтах каталіцкіх універсітэтаў.

Арцыбіскуп Дзані растлумачыў, што ў Касцёле ёсць патрэба ў кваліфікаваным персанале на трох узроўнях для дапамогі людзям, якія перажываюць цяжкасці і якім неабходна высветліць, ці іх сужэнства было несапраўдным, ці гэта той выпадак, калі штосьці магчыма зрабіць.

«Першы ўзровень — душпастырскі: святары і іх бліжэйшыя супрацоўнікі павінны мець больш яснае разуменне, больш сучасны падыход да гэтай праблематыкі». Для гэтага неабходна больш кваліфікаваная базавая фармацыя, пры якой гэтым тэмам будзе прысвечана больш увагі. Другі ўзровень — гэта «падрыхтоўка персаналу, які ў дыяцэзіях будзе падтрымліваць спецыялізаваныя цэнтры сямейнага душпастырства, каб гэта былі людзі больш адукаваныя ў гэтых пытаннях і якія змогуць больш кваліфікавана працаваць з людзьмі ў складаных сітуацыях». Трэці ўзровень датычыцца судоў, дзе, як падкрэслівае сакратар кангрэгацыі, «патрэбны не толькі сам суддзя, а цэлая каманда супрацоўнікаў, сакратароў, больш дасведчаных у гэтых пытаннях».

Арцыбіскуп Дзані на заканчэнне зазначыў, што «да цяперашняга часу найбольш заблытаныя і незразумелыя справы скіроўваліся ў Рым ці ў адзін з нешматлікіх спецыялізаваных цэнтраў, якія ёсць на розных кантынентах».

«Зрух, які просіць зрабіць Папа, заключаецца ў тым, каб усё больш перадаваць гэтае служэнне партыкулярным Касцёлам, а гэта патрабуе лепшай падрыхтоўкі», — падкрэсліў сакратар Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.

Абноўлена 04.05.2018 12:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.