Пошук


У першы дзень мая — месяца, які ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Панне Марыі — Святы Айцец наведаў рымскі санктуарый Маці Божай Любові, дзе разам з вернікамі памаліўся за мір у Сірыі.

Тысячы вернікаў сустрэлі Папу на пляцоўцы перад вежай Першага цуду санктуарыя Маці Божай Любові. У гэтым найбольш папулярным у рымлянаў марыйным санктуарыі Пантыфік сёлета распачаў марыйны месяц май. Перш, чым увайсці у старажытную святыню, ён прывітаў сабраных вернікаў.

«Дзякуй вам за гасціннасць! Вы такія святочныя! Прашу вас адсюль далучыцца да малітвы. Памолімся разам. Убачымся пазней. Але ж памолімся? Дзякуй за гасціннасць!», — кажа Святы Айцец у кароткім відэа, падрыхтаваным ватыканскімі журналістамі.

Увайшоўшы ў святыню, Папа засяродзіўся перад цудатворнай выявай Маці Божай, а лектарка між тым прачытала ягоны заклік аб міры ва «ўмілаванай Сірыі», які прагучаў у традыцыйным папскім пасланні Urbi et orbi — Гораду і свету — на Вялікдзень.

Папрасіўшы «плёну міру, паяднання і надзеі для ўсяго свету», Святы Айцец дадаў: «пачынаючы з умілаванай Сірыі, дзе насельніцтва даведзена да крайнасці вайною, якой не відаць канца». Такім чынам ён звярнуўся да сумлення ўсіх палітыкаў і вайскоўцаў, каб неадкладна пакласці канец знішчэнню людзей, паважаць тых, хто перажывае гэту гуманітарную трагедыю, даць магчымасць даставіць дапамогу братам і сёстрам, якім яна неабходна, і разам з тым стварыць адпаведныя ўмовы для вяртання эвакуяваных.

Разам з сотняй вернікаў, якія змясціліся ў старажытным санктуарыі, і каля дзесяці тысяч тых, якія далучыліся да малітвы, стоячы вонкі, папа Францішак памаліўся балесныя таямніцы Ружанца, разважаючы над цярпеннямі Хрыста ад агоніі ў Гетсэманіі да ўкрыжавання і смерці на Галгоце.

На заканчэнне ружанцовай малітвы Святы Айцец зноў з’явіўся на пляцоўцы, дзе яго чакалі вернікі. Разам з імі Папа памаліўся «Вітай, Марыя», пасля чаго ўдзяліў благаслаўленне і вярнуўся ў Ватыкан.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа