Пошук


Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Рыме папа Францішак працягнуў распачаты ім у мінулую сераду цыкл катэхезаў пра хрост. Не толькі пачуць, але і на свае вочы ўбачыць Святога Айца мелі магчымасць выкладчыкі і каля 20 студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага з Пінска, якія цяпер знаходзяцца ў Вечным Горадзе.

Пастыр Паўсюднага Касцёла засяродзіўся на значэнні імені, якое прымаецца падчас хросту, і знаку крыжа як выразах хрысціянскай тоеснасці. Ён нагадаў, што прыняцце хросту дае пачатак духоўнай дынаміцы, якая пранізвае ўсё жыццё ахрышчаных. Гаворка ідзе пра распачацце працэсу, што дазваляе жыць у еднасці з Хрыстом у Касцёле.

«Такім чынам, зварот да крыніцы хрысціянскага жыцця вядзе нас да лепшага разумення дару, які мы атрымалі ў дзень нашага хросту, і аднаўлення намаганняў адпавядаць яму ў тым стане, у якім знаходзімся сёння», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што на самым пачатку абраду прамаўляецца імя кандыдата да хросту, якое ўказвае на тоеснасць чалавека.

«Бог кожнага кліча па імені, любячы асабіста нас, з нашай канкрэтнай гісторыяй. Хрост распальвае асабістае пакліканне да жыцця па-хрысціянску, якое будзе развівацца на працягу ўсяго жыцця. Гэта прадугледжвае асабісты, а не пазычаны паводле прынцыпу „скапіраваць і ўставіць“ адказ.

Насамрэч, хрысціянскае жыццё выткана з серыі пакліканняў і адказаў: Бог не перастае прамаўляць наша імя на працягу гадоў, робячы так, каб тысячай спосабаў прагучала Яго пакліканне да нашага прыпадабнення да Яго Сына Езуса. Таму імя — важнае!

Бацькі думаюць, якое імя даць дзіцяці, яшчэ да яго нараджэння: таксама і гэта з’яўляецца часткай чакання дзіцяці, якое ва ўласным імені будзе мець сваю выключную тоеснасць, у тым ліку адносна хрысціянскага жыцця, спалучанага з Богам», — сказаў Папа.

Пры гэтым ён заўважыў, што дар веры заўсёды паходзіць з вышыні. Яго немагчыма купіць, але аб ім можна прасіць. У сваю чаргу, выклікаць і абудзіць шчырую веру ў адказ на Евангелле дапамагае фармацыя катэхуменаў і падрыхтоўка бацькоў, а таксама слуханне Божага слова падчас самога абраду хросту.

«Калі дарослыя катэхумены самі выказваюць жаданне прыняць хрост як дар ад Касцёла, то дзяцей прадстаўляюць бацькі і хросныя. Дыялог з імі дазваляе ім выразіць жаданне таго, каб іх немаўля атрымала хрост, а Касцёлу — намер удзяліць яго. Выразам усяго гэтага з’яўляецца знак крыжа, які цэлебрант і бацькі робяць на чале дзіцяці.

Знак крыжа азначае пячатку Хрыста на тым, хто будзе Яму належаць, і ласку адкуплення, якую Хрыстус здабыў для нас праз свой крыж», — зазначыў папа Францішак, спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

Працягваючы гэтую думку, ён сказаў, што крыж — гэта адметная рыса хрысціянаў: нашыя размовы, думкі, позіркі, учынкі знаходзяцца пад знакам крыжа, які азначае любоў Езуса ажно да канца. «Мы становімся хрысціянамі настолькі, наколькі крыж адціскаецца на нас як „пасхальны“ знак, указваючы, у тым ліку знешне, хрысціянскі спосаб адносінаў да жыцця.

Пазначаючы сябе знакам крыжа, калі прачынаемся, перад ежай, перад абліччам небяспекі, у якасці абароны ад зла, вечарам, перад сном, мы кажам самім сабе і іншым, каму прыналежым, чыімі хочам быць. Таму вельмі важна навучыць дзяцей добра рабіць знак крыжа.

І так, як робім яго, уваходзячы ў касцёл, можам рабіць таксама дома, захоўваючы ў маленькім начынні крыху благаслаўлённай вады — некаторыя сям’і так робяць, — такім чынам, кожны раз, калі ўваходзім ці выходзім, робячы знак крыжа з гэтай вадой, мы нагадваем сабе, што былі ахрышчаныя», — падкрэсліў Пантыфік.

Абноўлена 18.04.2018 22:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця