Пошук

Vatican Media

Папа Францішак, які ў мінулую сераду завяршыў цыкл катэхезаў на тэму св. Імшы, падчас агульнай аўдыенцыі 11 красавіка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане засяродзіўся на тэме хросту як падмурку жыцця кожнага хрысціяніна.

«Хрост — гэта фундамент усяго хрысціянскага жыцця. Гэта першы з сакрамэнтаў, што з’яўляецца брамай, якая дазваляе Хрысту Пану пасяліцца ў нас, а нам — паглыбіцца ў нашага Настаўніка», — сказаў Святы Айцец, адзначыўшы, што пяцьдзясят дзён літургічнага Велікоднага перыяду — гэта спрыяльны час для таго, каб паразважаць аб хрысціянскім жыцці, якое паходзіць ад самога Хрыста.

«Насамрэч, мы настолькі з’яўляемся хрысціянамі, наколькі дазваляем Езусу Хрысту жыць у нас», — падкрэсліў ён і прапанаваў пачаць гаворку на гэтую тэму ад самых вытокаў: з сакрамэнту хросту.

«Грэцкае слова „хрысціць“ азначае „занураць“. Паліванне вадой — гэта супольны для розных вераванняў абрад, які выяўляе пераход з аднаго стану ў іншы, з’яўляецца знакам ачышчэння для новага пачатку. Але мы, хрысціяне, не павінны забывацца пра адну рэч: наколькі цела павінна быць занурана ў ваду, настолькі душа павінна быць паглыблена ў Хрыста, каб атрымаць прабачэнне граху і заззяць Боскім святлом. Моцай Святога Духа хрост занурае нас у смерць і ўваскрасенне Пана, топячы ў хрысцільных водах старога чалавека, апанаванага грахом, што аддзяляе ад Бога, і нараджаючы новага чалавека, створанага нанава ў Езусе. У Ім усе дзеці Адама пакліканы да новага жыцця», — адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў заўсёды памятаць дату свайго хросту, бо для хрысціянаў гэты дзень з’яўляецца «другім Днём нараджэння».

Пры гэтым ён нагадаў словы Езуса, сказаныя Ім Нікадэму: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Народжанае з цела ёсць целам, а народжанае з Духа ёсць духам» (пар. Ян 3, 5–6).

«Занураючы ў Хрыста, хрост робіць нас таксама членамі Яго Цела: мы не ізаляваныя. Ахрышчаныя — не ізаляваныя асобы, а члены Хрыстовага Цела, якім з’яўляецца Касцёл, удзельнікі Яго місіі ў свеце. Жыццядайнасць, якая выцякае з хрысцільнай крыніцы, адлюстравана словамі Езуса: „Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён“ (пар. Ян 15, 5). Тое ж жыццё, жыццё Святога Духа, сыходзіць ад Хрыста на ахрышчаных, яднаючы іх у адно Цела (гл. 1 Кар 12, 13), намашчанае святым алеем і ўмацаванае Эўхарыстычным пасілкам», — сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што хрост

«дазваляе Хрысту жыць у нас, а нам жыць у адзінстве з Ім, каб супрацоўнічаць у Касцёле, кожны згодна з уласным станам, у ператварэнні свету».

Аднойчы атрыманае хрысцільнае паліванне асвячае ўсё наша жыццё, кіруючы нашы крокі аж да Нябеснага Ерузалема, дадаў ён.

Папа Францішак заўважыў, што яшчэ са старажытных часоў існаваў звычай хрышчэння дзяцей у веры бацькоў. «Некаторыя людзі думаюць: для чаго хрысціць дзіця, якое нічога не разумее? Мы думаем, што яно вырасце, зразумее і само папросіць аб хросце. Але гэта азначае адсутнасць даверу да Святога Духа, бо калі мы хрысцім дзіця, у яго ўваходзіць Святы Дух і з самага маленства дапамагае ўзрастаць у ім хрысціянскім цнотам, якія потым расквітнеюць.

Заўсёды трэба даваць гэтую магчымасць кожнаму, усім дзецям — мець унутры сябе Святога Духа, які будзе весці іх па жыцці. Не забывайцеся хрысціць дзяцей», — заклікаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што хрост заўсёды з’яўляецца шчодрым дарам як для дарослых, так і для немаўлят. «Як адбываецца з зернем, поўным жыцця, так і гэты дар укараняецца і прыносіць плён у глебе, насычанай верай. Абяцанні хросту, якія мы штогод аднаўляем у Пасхальную вігілію, павінны аднаўляцца штодзённа, каб хрост „ахрысціяніў“ тых, хто яго атрымаў, робячы іх Alter Christus», — сказаў на заканчэнне катэхезы наступнік Пятра.

Абноўлена 11.04.2018 20:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.