Пошук

16.04.2018 20:01   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© 2017-2018 Secretaria pro Communicatione

15 красавіка перад малітвай «Уладарка неба», якую папа Францішак прамовіў з акна свайго кабінета ў Апостальскім палацы разам з вернікамі, сабранымі на плошчы Святога Пятра, Святы Айцец казаў пра годнасць чалавечага цела, а пасля малітвы заклікаў працягваць маліцца за мір у Сірыі.

На пачатку Пантыфік нагадаў, што ў цэнтры ўвагі ў Трэцюю велікодную нядзелю знаходзіцца сустрэча вучняў з Уваскрослым Хрыстом. Звяртаючыся да Апосталаў з прывітаннем: «Супакой вам!», Езус мае на ўвазе як унутраны супакой, так і мір, які ўсталёўваецца ў адносінах паміж людзьмі.

«Езус заўважае, што Апосталы занепакоіліся, убачыўшы Яго, што яны разгубіліся, бо ім цяжка было ўспрыняць рэальнасць Уваскрасення. Ім здаецца, што яны бачаць духа; але ўваскрослы Езус — гэта не дух, гэта — чалавек з целам і душою», — падкрэсліў Святы Айцец.

Каб пераканаць у гэтым сваіх вучняў, Езус кажа ім: «Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю» (пар. Лк 24, 39). Аднак гэтага недастаткова, каб рассеяць сумненні вучняў. Яны так моцна радаваліся, што нават не маглі паверыць у тое, што гэта магчыма. Каб іх пераканаць, Уваскрослы кажа ім: «Ці маеце тут што з’есці?» (пар. Лк 24, 41). Яны далі яму кавалак печанай рыбы, і Езус узяў і еў перад імі, каб яны ўпэўніліся.

З гэтага папа Францішак робіць наступную важную выснову:

«Настойлівасць Езуса адносна рэальнасці Яго Уваскрасення асвятляе бачанне цела ў хрысціянскай перспектыве: цела — гэта не перашкода і не вязніца для душы. Цела створана Богам, і чалавек не мае цэласнасці, калі не з’яўляецца еднасцю цела і душы.

Езус, які перамог смерць і ўваскрос з целам і душою, дае нам зразумець, што мы павінны мець пазітыўнае бачанне свайго цела.

Яно можа быць нагодаю або прыладаю граху, але грэх паходзіць не ад цела, а ад нашай маральнай слабасці. Цела — гэта цудоўны дар Бога, прызначаны ў еднасці з душой у поўнай меры выражаць Ягоны вобраз і падабенства. Таму мы пакліканыя з вялікай павагай і клопатам ставіцца да свайго цела, а таксама да цела іншых людзей.

Кожная абраза, рана ці насілле, нанесеныя целу нашага бліжняга, — гэта крыўда Бога Стварыцеля!

Я звяртаюся ў думках, у прыватнасці, да дзяцей, жанчын, пажылых людзей, якім шкодзяць цялесна. У целе гэтых людзей мы бачым Цела Хрыста. Хрыста параненага, абсмяянага, абылганага, прыніжанага, бічаванага, укрыжаванага… Езус вучыў нас любові. Любові, якая ва Уваскрасенні аказалася больш моцнай за грэх і жадае вызваліць усіх тых, хто ва ўласным целе перажывае няволю нашага часу.

У свеце, дзе занадта часта бярэ верх насілле супраць найслабейшых і матэрыялізм, які знішчае дух, сённяшняе Евангелле заклікае нас быць здольнымі глядзець углыб і не пераставаць здзіўляцца і радавацца сустрэчы з Уваскрослым Панам. Яно заклікае нас быць людзьмі, якія ўмеюць прыняць і ацаніць навізну жыцця, што Ён сее ў гісторыі, каб скіраваць яе да новых нябёсаў і новай зямлі. Няхай на гэтым шляху нас падтрымлівае Панна Марыя, матчынаму заступніцтву якой мы з даверам сябе даручаем».

Пасля малітвы Святы Айцец паведаміў вернікам, што ў гэты дзень на Мадагаскары быў абвешчаны благаслаўлёным мучанік Люсьен Батавазоа, бацька сям’і і паслядоўны сведка Хрыста, арыштаваны і забіты за адкрыта праяўленае жаданне застацца верным Пану і Касцёлу. Папа адзначыў, што «ён для ўсіх нас з’яўляецца прыкладам любові і моцы ў веры».

Пантыфік глыбока заклапочаны становішчам, што склалася ў свеце, пры якім аказалася немагчымым узгадніць супольныя дзеянні, скіраваныя на ўсталяванне міру ў Сірыі і ў іншых рэгіёнах свету.

«Няспынна молячыся за мір і запрашаючы ўсіх людзей добрай волі працягваць гэтую малітву, я зноў звяртаюся да ўсіх тых, хто нясе палітычную адказнасць, каб запанавалі справядлівасць і мір», — сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне Папа даручыў малітвам вернікаў людзей з розных краінаў, якія пакутуюць ад цяжкіх хваробаў:

«Памолімся аб тым, каб кожны хворы заўсёды меў павагу ягонай годнасці і лячэнне ў адпаведнасці з яго станам ва ўзаемадзеянні паміж сям’ёй, лекарамі і іншымі медыцынскімі супрацоўнікамі, з вялікай павагай да жыцця».

Абноўлена 16.04.2018 20:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.