Святы Айцец, завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаны святой Імшы, 4 красавіка засяродзіў увагу на абрадзе заканчэння.
Папа падкрэсліў, што «літургічнае дзеянне як пачынаецца знакам крыжа ў імя Айца і Сына, і Духа Святога, так і заканчваецца ў імя Найсвяцейшай Тройцы».
«Нам добра вядома, што разам з заканчэннем св. Імшы пачынаецца удзел у хрысціянскім сведчанні. Хрысціяне не прыходзяць на св. Імшу, каб выканаць штотыднёвы абавязак і потым забыцца пра гэта.
Хрысціяне прыходзяць на св. Імшу, каб удзельнічаць у муцы і ўваскрасенні Пана, каб лепш жыць па-хрысціянску. Мы выходзім з касцёла, каб „ісці ў супакоі“, нясучы Божае благаслаўленне ў штодзённую дзейнасць, у нашыя дамы, на месцы працы», — сказаў Пантыфік.
Паводле папы Францішка, пасля св. Імшы адбываецца пераход ад цэлебрацыі да жыцця, які павінен ажыцяўляцца з усведамленнем, што «св. Імша знаходзіць поўнае спаўненне ў канкрэтных рашэннях тых, хто асабіста ўваходзіць ў таямніцы Хрыста».
«Гэта хрысціянская святасць — рабіць так, як рабіў Хрыстус»
«Мы не павінны забываць, што цэлебруем Эўхарыстыю для таго, каб вучыцца, як станавіцца эўхарыстычнымі мужчынамі і жанчынамі. Што гэта значыць?
Гэта азначае дазволіць, каб Хрыстус дзейнічаў у нашых справах: каб Яго думкі былі нашымі думкамі, Яго пачуцці — нашым пачуццямі, Яго рашэнні — нашымі рашэннямі.
Гэта з’яўляецца святасцю: рабіць так, як рабіў Хрыстус — гэта хрысціянская святасць. Гэта дакладна выражае св. Павел, кажучы аб сваім упадабненні да Езуса: „Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне“», — нагадаў Святы Айцец.
Паводле Папы, досвед св. Паўла асвячае таксама і нас: наколькі змярцвее наш эгаізм, каб памерла ў нас тое, што супярэчыць Евангеллю і любові Езуса, настолькі большая прастора для моцы Яго Духа ўтвараецца ў нас.
«Паколькі рэальная прысутнасць Хрыста ў кансэкраваным хлебе не заканчваецца разам са св. Імшой, Эўхарыстыя павінна захоўвацца ў табернакулюме, каб удзяляць св. Камунію хворым, а таксама, каб можна было моўчкі ўшаноўваць Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Эўхарыстычны культ па-за Імшой, як у прыватнай форме, так і ў супольнаснай, дапамагае нам трываць у Хрысце», — падкрэсліў Святы Айцец.
«Эўхарыстая стварае Касцёл і яднае ўсіх нас»
Пантыфік адзначыў, што плён св. Імшы павінен даспяваць у штодзённым жыцці, бо Эўхарыстыя, «паглыбляючы нашу з’яднанасць з Хрыстом, абнаўляе ласку, якой Святы Дух адарыў нас у хросце і канфірмацыі, каб наша хрысціянскае сведчанне было пераканаўчым».
«Акрамя таго, распальваючы ў нашых сэрцах Божую любоў, Эўхарыстыя аддзяляе нас ад граху. Чым больш мы ўдзельнічаем у жыцці Хрыста і паглыбляем сяброўства з Ім, тым складаней нам разарваць сувязь з Ім праз смяротны грэх. Рэгулярнае прыступанне да эўхарыстычнага стала аднаўляе, ўмацоўвае і паглыбляе сувязь з хрысціянскай супольнасцю, да якой належым, згодна з прынцыпам: Эўхарыстая стварае Касцёл, яднае нас усіх», — сказаў ён.
«Нясучы скарб еднасці з Хрыстом у гліняных збанах, мы пастаянна павінны вяртацца да святога алтара, аж да хвіліны, калі на небе будзем напоўніцу цешыцца шчасцем вясельнай вячэры Баранка», — падкрэсліў папа Францішак.