Пошук

02.04.2018 16:54   Паводле: Sala Stampa della Santa Sede / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У Велікодны панядзелак, які ў Італіі называецца «панядзелкам Анёла», папа Францішак з акна свайго працоўнага кабінета ў ватыканскім Апостальскім палацы разам з сабранымі на плошчы Святога Пятра вернікамі прачытаў малітву «Уладарка неба», якая ў Велікодны перыяд чытаецца замест малітвы «Анёл Панскі».

Святы Айцец, звяртаючыся да вернікаў перад малітвай, сказаў:

Панядзелак пасля Пасхі называецца «панядзелкам Анёла», паводле вельмі прыгожай традыцыі, якая адпавядае біблейскім крыніцам, дзе апавядаецца пра Уваскрасенне. Насамрэч, евангелісты паведамляюць (гл. Мц 28, 1–10; Мк 16, 1–7; Лк 24, 1–12), што калі жанчыны прыйшлі да Грабніцы, то знайшлі яе адчыненай. Яны баяліся, што не змогуць трапіць усярэдзіну, таму што грабніца была завалена вялікім каменем. Але, насуперак гэтаму, яна аказалася адкрытай, а з сярэдзіны голас сказаў ім, што Езуса ў ёй няма: Ён уваскрос.

Упершыню прагучалі словы: «Ён уваскрос». Евангелісты апавядаюць, што гэтая першая вестка прыйшла ад анёлаў — Божых пасланцоў. Прысутнасць анёлаў мае сваё значэнне: як Уцелаўленне Слова звеставаў анёл Габрыэль, так і для першага абвяшчэння Уваскрасення было недастаткова нейкага чалавечага слова.

Спатрэбілася вышэйшая істота для таго, каб паведаміць пра рэчаіснасць такую рэвалюцыйную, такую неверагодную, пра якую, магчыма, ніводзін чалавек не адважыўся б сказаць.

Пасля гэтай першай весткі супольнасць вучняў пачынае яе паўтараць: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону» (пар. Лк 24, 34). Якая ж прыгожая гэтая вестка! Мы можам сказаць яе цяпер усе разам: «Пан сапраўды ўваскрос».

Папа звярнуў увагу на тое, што панядзелак пасля Пасхі — гэта дзень святкавання і застолля, якое зазвычай перажываюць у коле сям’і.

Пасля ўрачыстасці Пасхі адчуваецца патрэба сабрацца яшчэ раз са сваімі блізкімі і сябрамі, каб адсвяткаваць.

Таму што братэрства — гэта плён Пасхі Хрыста, які сваёй смерцю і ўваскрасеннем пераадолеў грэх, што аддзяляў чалавека ад Бога, чалавека ад самога сябе, чалавека ад ягоных братоў.

Але мы ведаем, што грэх заўсёды падзяляе, заўсёды сее варажнечу. Езус разбурыў мур падзелу паміж людзьмі і вярнуў мір, распачаўшы снаваць сець новага братэрства. Вельмі важна ў наш час адшукаць братэрства: такое, якім жылі ў першых хрысціянскіх супольнасцях. Адшукаць спосаб, каб даць месца Езусу, які ніколі не падзяляе, а заўжды яднае.

Не існуе сапраўднай еднасці і працы дзеля супольнага дабра і сацыяльнай справядлівасці без братэрства і саўдзелу.

Без братняга саўдзелу немагчыма пабудаваць касцёльную або грамадзянскую супольнасць: існуе толькі сукупнасць індывідаў, якія кіруюцца і ствараюць групоўкі пад уплывам уласных інтарэсаў. А братэрства — гэта ласка, якую стварае Езус.

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў, што толькі братэрства можа запэўніць трывалы мір, можа перамагчы беднасць, можа патушыць напружанасць і войны, можа пакласці канец карупцыі і злачыннасці.

«Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якую ў гэты велікодны час мы называем тытулам Уладарка Неба, падтрымлівае нас сваёй малітвай, каб братэрства і еднасць, якія мы перажываем у гэтыя пасхальныя дні, сталі нашым ладам жыцця і душою нашых адносінаў»,

— сказаў Папа перад тым, як звярнуцца з малітвай да нябеснай Валадаркі.

Пасля малітвы папа Францішак сардэчна прывітаў усіх пілігрымаў, якія прыбылі з Італіі і з розных краін свету, пажадаўшы ім правесці ў спакоі дні Актавы Пасхі, падчас якой працягваецца радасць Уваскрасення Хрыста. Ён заклікаў вернікаў карыстацца кожнай добрай нагодай для таго, каб быць сведкамі супакою Уваскрослага Хрыста, асабліва ў адносінах да людзей найбольш слабых і гаротных. Пантыфік зноў звярнуўся з заклікам да таго, каб усе людзі, захопленыя або незаконна пазбаўленыя волі, былі вызвалены і маглі вярнуцца ў свае дамы.

Абноўлена 02.04.2018 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця